БАТЭ зноў перамог, ён упэўнена лідыруе ў чэмпіянаце Беларусі
У пятніцу прайшлі тры матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. БАТЭ зноў атрымаў перамогу. На гэты раз быў абыграны "Гомель" — 2:1. Першы гол забіў на 28-й хвіліне з пенальці Вілюм Тор Вілюмсан, а на 88-й вызначыўся Арцём Шуманскі, які выйшаў на замену. Ужо ў даданыя да асноўнага часу хвіліны нігерыйскі легіянер Раймонд Адэола скараціў разрыў у ліку. Гэта першы мяч, прапушчаны барысаўчанамі ў гэтым сезоне.
Чэмпіён краіны салігорскі "Шахцёр" і з новым трэнерам не можа знайсці сваю гульню: нічыя 1:1 ў Гродне з "Нёманам". "Белшына" і "Віцебск" згулялі ўнічыю 2:2. Тур стартаваў у чацвер матчам "Арсенала" і "Слуцка" — 1:1. Апошнія матчы пройдуць у суботу: "Энергетык-БДУ" — "Іслач", "Славія" — "Тарпеда-БелАЗ", "Мінск" — "Дынама" (Брэст), "Днепр" — "Дынама" (Мінск).
Лідыруе БАТЭ — 15 ачкоў з 15 магчымых!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.