Байдэн правёў найбольшае аднаразовае памілаванне ў найноўшай гісторыі ЗША
Джо Байдэн
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн памілаваў 39 чалавек і змякчыў пакаранне 1,5 тысячы зняволеных. Гэта найбуйнейшае аднаразовае памілаванне ў найноўшай гісторыі Штатаў, адзначаецца на сайце Белага дома.
У паведамленні Белага дома гаворыцца, што памілаваныя 39 чалавек былі асуджаныя за негвалтоўныя злачынствы. Пад змякчэнне прысуду трапілі людзі, "якія былі змешчаныя на хатні арышт падчас пандэміі COVID-19 і якія паспяхова рэінтэграваліся ў свае сем'і ды супольнасці".
Байдэн заявіў, што ў апошнія тыдні свайго прэзідэнцтва працягне разгляд прашэнняў аб памілаванні. "Мая адміністрацыя працягне разгляд прашэнняў аб памілаванні, каб прасоўваць роўнае правасуддзе ў адпаведнасці з законам, садзейнічаць грамадскай бяспецы, падтрымліваць рэабілітацыю і вяртанне ў грамадства, а таксама прадастаўляць значныя другія шанцы", — пракаментаваў ён.
Як расказвала Еўрарадыё, раней прэзідэнт ЗША падпісаў указ пра памілаванне свайго сына Хантэра.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў першы ж дзень свайго кіравання памілуе ўдзельнікаў беспарадкаў, якія ўдзельнічалі ў нападзе на Капітолій 6 студзеня 2021 года. Трамп заступае на пасаду 20 студзеня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.