Беларусь пагадзілася перадаць Сафію Сапега ў Расію — СМІ РФ
Сафія Сапега на судзе / БЕЛТА
Беларусь накіравала ў Міністэрства юстыцыі РФ згоду на перадачу Сафіі Сапега ў Расію, піша ТАСС.
Беларуская Генпракуратура не пабачыла перашкодаў для перадачы Сапега Маскве, каб яна адбывала пакаранне ў Расіі, заявіў прадстаўнік беларускага ведамства.
Некалькі дзён таму Сафію Сапега ў калоніі наведваў расійскі консул, якому яна дала згоду на перавод у Расію.
Сафія Сапега — грамадзянка Расіі, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Яе затрымалі разам з Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года, калі беларускія ўлады прымусова пасадзілі ў Мінску самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. У траўні 2022 года яе асудзілі на 6 гадоў за адміністраванне "Чорнай кнігі Беларусі". Дзяўчыну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб) і ч. 1 арт. 179 (незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё).
14 сакавіка 2023 года КДБ унёс яе імя ў "тэрарыстычны спіс". У памілаванні беларускія ўлады ёй адмовілі.
Праваабаронцы прызналі Сафію палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.