Беларусаў вайна турбавала яшчэ са снежня — сацыёлаг
Беларусы турбаваліся праз магчымасць вайны яшчэ ў снежні / AP
Беларусы ў снежні 2021-га ўпершыню назвалі вайну адной з галоўных тэм для непакою. Да такой высновы па выніках даследавання прыйшла каманда сацыёлага Андрэя Вардамацкага.
"За ўвесь час вымярэнняў заўсёды ў любых сітуацыях у краіне дамінавала эканамічная праблематыка. У снежні 2021-га ўпершыню ў топ трапіла тэматыка, звязаная з ваеннымі канфліктамі, праблемамі. Яна выразна знаходзілася на першым месцы — гэта ў той час, калі эксперты думалі пра тое, ці будзе вайна", — выказаўся сацыёлаг.
Даследаванняў, праведзеных пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, пакуль няма, таму звесткі пра геапалітычны выбар беларусаў сацыёлагі прыводзяць на лістапад і снежань.
Напрыклад, пытанне, па якім Вардамацкі пастаянна робіць замеры: як беларусы ставяцца да анексіі Крыма. У снежні 2021 года гэтую падзею лічылі правамернай і апраўданай 48,8%, незаконнай — 19,1%. Астатнія — не вызначыліся або адмаўляліся адказваць.
Цікава, што ў апошнія гады працягваецца зніжэнне адсотка тых, хто падтрымлівае анексію. Напрыклад, у канцы 2014-га такіх было 64,9%.
Аналагічным чынам паступова зніжаецца і колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй. Напрыклад, на працягу 2018-га іх было ў сярэднім каля 60%, 2019-га — ужо 52,5%.
Сацыёлагі таксама спыталі ў беларусаў пра стаўленне да розных краін, а менавіта — ці ўяўляюць яны пагрозу Беларусі. У самым апошнім даследаванні 42,8% адказалі, што Расія ўяўляе пагрозу, 44,4% — што не. Тых, хто бачыць пагрозы ў іншых краінах, прыкметна менш: напрыклад, 20,7% ад Літвы і Польшчы, 12,4% — ад Украіны.
Праўда, насцярожанае стаўленне да РФ не мяняе меркавання большасці пра тое, што з ёй трэба супрацоўнічаць: за пазіцыю "незалежныя, але дружалюбныя дзяржавы" выступаюць 72% беларусаў, а тых, хто за вяртанне межаў і візавы рэжым, — каля 3%.
Тых, хто лічыць, што краіны павінны фармаваць міждзяржаўны саюз, — 14%. Ну а тых, хто выступае за ўступленне Беларусі ў склад Расіі, — 4,3%.
Сацыялагічнае даследаванне праводзілася на выбарцы ў 1000 чалавек метадам тэлефоннага апытання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.