Беларусы ў Польшчы змогуць атрымаць грашовую дапамогу па беспрацоўі

Беларусы ў Польшчы змогуць атрымаць грашовую дапамогу па беспрацоўі

13 лютага Польшча і Беларусь падпісалі дамову аб сацыяльным забеспячэнні, Гэты дакумент гарантуе работнікам за мяжой такія самыя правы, як у іх родных краінах, перадае "Белсат".

Згодна з дамовай, беларусы, якія працуюць у Польшчы, і палякі, якія працуюць у Беларусі, атрымаюць права на дапамогу па часовым беспрацоўі, а таксама права на дапамогу на дзіця ды іншыя найважнейшыя правы працоўных.

Намеснік міністра працы Валерый Кавалькоў падчас візіту ў Варшаву патлумачыў: "Работнікі атрымліваюць магчымасць страхавання ад няшчасных выпадкаў на працы і на пенсіі — тыя найважнейшыя сацыяльныя гарантыі, якія дзяржава павінная даваць наёмным працаўнікам".

У Беларусі з 1 студзеня 2019 года дзяржаўная дапамога па беспрацоўі складае ад 21 да 51 рубля. Атрымліваць яе можна не больш за паўгода. Пры гэтым не радзей за адзін раз на месяц трэба адзначацца на біржы працы.

Дапамога беспрацоўным у Польшчы складае 847 злотых (або каля 200 еўра) у першыя тры месяцы і 665 злотых (каля 150 еўра) у другія тры месяцы пасля рэгістрацыі ў адмысловым рэестры беспрацоўных.

Дамову паміж Беларуссю і Польшчай яшчэ неабходна ратыфікаваць. Паралельна з працэсам ратыфікацыі абедзве краіны будуць працаваць над адміністрацыйным пагадненнем па рэалізацыі гэтай дамовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі