“Белшына” і “Граніт” пакідаюць футбольную вышэйшую лігу

“Белшына” і “Граніт” пакідаюць футбольную вышэйшую лігу

“Белшына” і “Граніт” па выніках сезону пакідаюць вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе. Гэта стала вядома пасля апошняга, 30-га тура спаборніцтваў, які павінен быў вызначыць двух аўтсайдэраў.

Гэтыя клубы мелі па 24 ачкі і займалі ў турнірнай табліцы 15-ы і 16-ы радкі адпаведна і ў апошнім туры сустрэліся на адным полі. Перад імі ішоў наваполацкі “Нафтан” з 26 ачкамі. У выпадку паразы хімікаў, пераможца матчу “Белшына” — “Граніт” мог захаваць прапіску ў вышэйшай лізе. Аднак навапалачане адолелі “Нёман” (1:0) і адарваліся ад пераследнікаў, а бабруйская і мікашэвіцкая каманды згулялі ўнічыю — 1:1. Такім чынам, яны маюць па 25 ачкоў і застаюцца на ранейшых месцах у турнірнай табліцы.

Паводле рэгламенту чэмпіянату, дзве найгоршыя каманды пераходзяць у першую лігу, таму менавіта “Белшына” і “Граніт” у наступным сезоне панізяць свой статус.  

“Белшына” пачынала сезон з амбіцыёзных планаў па заваяванні высокіх месцаў у чэмпіянаце краіны і звязвала гэтыя надзеі з прыходам новага інвестара. Аднак ужо ў сярэдзіне сезона стала зразумелым, што змены ў трэнерскім штабе і ў складзе гульцоў не далі чаканала выніку — клуб імкліва дэградаваў. У мінулым годзе бабруйчане займалі 4-е месца ў чэмпіянаце і разлічвалі на еўракубкі ў гэтым сезоне.

“Граніт” сёлета таксама сутыкнуўся з фінансавымі і арганізацыйнымі праблемамі, а год таму быў на 5-м месцы. Мікашэвіцкі клуб выступаў у вышэйшай лізе толькі два гады і цяпер вяртаецца ў першую лігу.

Вынікі іншых матчаў, якія прайшлі сёння, 27 лістапада: “Іслач” — “Слуцк” — 2:0, “Дынама” (Брэст) — “Віцебск” — 3:0, “Тарпеда-БелАЗ” — “Шахцёр” — 1:1, “Мінск” — “Крумкачы” — 1:0, “Славія” — “Дынама” (Мінск) — 1:0.

Матч БАТЭ — “Гарадзея” пачынаецца ў 16.00 і не мае турнірнага значэння. Барысаўчане сталі чэмпіёнамі краіны за некалькі тураў да канца першынства, а “Шахцёр” і мінскае “Дынама” заваявалі адпаведна сярэбраныя і бронзавыя медалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі