“Белшына” разграміла “Мінск” і выйшла на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі

“Белшына” разграміла “Мінск” і выйшла на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі

Першыя два матчы 24-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі ў суботу, 24 кастрычніка. Бабруйская “Белшына”, якая з’яўляецца сёлета адным з прэтэндэнтаў на прызавыя месцы ў першынстве краіны, разграміла на сваім полі “Мінск” — 4:0. Сталічная каманда таксама змагаецца за высокія месцы і таму параза на фінішы чэмпіянату была для яе недарэчнай.

На сёння “Белшына” з 42 ачкамі займае 3-е месца, на 4-м месцы знаходзіцца салігорскі “Шахцёр” (40 ачкоў), на 5-м месцы — “Мінск” (37). Паколькі яны размясціліся ўверсе табліцы вельмі шчыльна, то пакуль незразумела, які з гэтых клубаў атрымае “бронзу”, а таксама пуцёўку ў Лігу Еўропы.

Сёння ж гулялі жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” і мікашэвіцкі “Граніт” — 2:3.

Заўтра, 25 кастрычніка, сустрэнуцца “Гомель” са “Слуцкам”, “Шахцёр” з “Віцебскам”, БАТЭ з “Нафтанам”. Нагадаем, што БАТЭ паспеў заваяваць чэмпіёнскі тытул датэрмінова, таму для яго вынік заўтрашняга матчу не будзе мець турнірнага значэння.

Скончыцца тур 26 кастрычніка ў панядзелак: мінскае “Дынама” згуляе з мазырскай “Славіяй”, а “Нёман” прыме брэсцкае “Дынама”.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі