Большасць беларусаў у Польшчы пакінулі радзіму "з палітычных прычын"
Аўтобус "Мінск-Варшава" / @BelarusPoland
Колькасць беларускіх эмігрантаў у Польшчы, якія плануюць вярнуцца ў Беларусь, і тых, хто мае намер абжывацца ў новай краіне, прыблізна аднолькавая. Пра гэта піша рэсурс "Позірк" са спасылкай на сацдаследаванне, якое праводзілася на анлайн-платформе. У апытанні паўдзельнічала 777 рэспандэнтаў, якія пражываюць у Польшчы.
Вынікі даследавання надоечы прэзентавалі на панэльнай дыскусіі "Беларуская дыяспара новая і старая", арганізаванай даследчым цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай.
Перадусім апытанне паказала, што 94% беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, — гэта палітычныя эмігранты, што пакінулі радзіму "з палітычных прычын і пачуцця глыбокай неабароненасці ў роднай краіне". Што рабіць далей, большасць апытаных пакуль не вырашыла.
"Больш за палову апытаных (53%) не змагло даць дакладнага адказу, 23% паказалі, што плануюць вярнуцца, у той час як аналагічная паводле колькасці група (24%) заявіла, што ў іх няма такіх планаў", — гаворыцца ў даследаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.