Бондарава вінаваціць у непатрыятычнасці арганізацыю, якой кіруе Віктар Лукашэнка
Віктар Лукашэнка
Прарасійская актывістка Вольга Бондарава выступіла з крытыкай Нацыянальнага Алімпійскага камітэта, якім кіруе старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.
Прапагандыстку абурыла, што да Алімпійскіх гульняў у Парыжы дапусцілі беларускага барца Абубакара Хаслаханава. Як расказвала Еўрарадыё, яшчэ шасцярых барцоў да Гульняў не дапусціў МАК.
Выступаць на Алімпіядзе спартоўцы з Беларусі будуць у нейтральным статусе — без гнерба, сцяга і гімна. Бондарава за гэта назвала іх "манкуртамі ад беларускага спорту, якія дзеля магчымых заходніх Алімпійскіх плюшак распісаліся ў добраахвотнай адмове ад такога паняцця, як патрыятызм і гонар грамадзяніна".
У выпадку з Хаслаханавым прапагандыстку абурыла паходжанне спартоўца. Яна назвала яго "беларусам" у двукоссях: "Гэтаму што герб, што сцяг, што гімн наш, дзяржаўны — па барабане было першапачаткова, па ўсёй бачнасці, а цяпер і пагатоў. Едзе зарабляць хоць пад сцягам Сурынама".
Бондарава парэкамендавала Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту "узмацніць патрыятычна-прапагандысцкую працу ў першую чаргу сярод сябе любімых". Паводле яе, у беларускім спорце назіраецца "разлажэнне ідэй патрыятызму".
Абубакар Хаслаханаў нарадзіўся ў расійскім Дагестане, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі. Дарэчы, сама Бондарава ўваходзіць у Камуністычную партыю, якая раней абвяшчала прынцып інтэрнацыяналізму.
У прапагандысткі гэта не першы сур'ёзны ідэалагічны пракол за апошні час. Не так даўно яна назвала "змагаркай" Ганну Сялук — аўтарку прапагандысцкіх песень і нявестку Лукашэнкі. Потым Бондарава была вымушаная публічна прасіць прабачэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.