Брэсцкія студэнты кажуць пра ператрусы ў інтэрнаце ў іх адсутнасць
Інтэрнат №2 Брэсцкага педуніверсітэта
У студэнтаў Брэсцкага каледжа чыгуначнага транспарту ўзнік канфлікт з адміністрацыяй інтэрната, піша "Зеркало".
Ад пачатку навучальнага года частка студэнтаў жывуць у інтэрнаце педуніверсітэта імя Пушкіна, бо ў інтэрнацах іх каледжа ідзе рамонт. Яны прызнаюцца, што яшчэ пры засяленні атрымалі шок.
"У Instagram універсітэта ёсць фота інтэрната, там усё так прыгожа, усе пакоі дагледжаныя. Мы думалі, што ў нас такія ж будуць. А аказалася, далі самыя горшыя. На 40 чалавек далі дзесяць маленькіх пакояў, у якіх рамонт рабілі невядома калі. На галовы сыплецца тынкоўка, стаяць старыя ўбудаваныя шафы, дзе не было паліц, кожнаму чалавеку — па адной маленькай тумбачцы, на ўвесь пакой адна разетка. Але мы ўжо змірыліся з гэтым, зрабілі сабе ўтульнасць, і неяк нават звыкла стала", — кажа адна са студэнтак.
Адміністрацыя інтэрната, паводле яе, ставілася да новых жыхароў кепска, выхавальніца называла іх "акупантамі". "Яны маглі проста зайсці ў пакой у нашу адсутнасць, каб праверыць яго на чысціню, зазірнуць у шафы, павярхоўна паглядзець. Даходзіла да таго, што заходзілі без груку ўначы, будзілі і казалі, што мы шумім і нас выселяць", — дзеліцца падрабязнасцямі дзяўчына. Паводле яе, кіраўніцтва каледжа не захацела ўмешвацца ў канфлікт і параіла не рэагаваць агрэсіўна, каб не застацца без жылля.
Але тыдзень таму студэнты вярнуліся з параў і пабачылі, што ў іх пакоях фактычна правялі ператрус. "Мы пайшлі на пары, а калі вярнуліся, зразумелі, што капаліся ва ўсіх паліцах і выварочвалі рэчы. Яны дадумаліся залезці ў чамадан, дзе ляжалі сабраныя рэчы для паездкі дадому. Дзяўчынкі распавядалі, што ў іх на стале ляжала касметычка, а потым прыходзяць — усё перавернута і раскідана. У выніку забралі падаўжальнікі, ноўтбукі, маніторы, чайнікі", — расказвае студэнтка.
Ноўтбукі пазней, праўда, вярнулі. Астатняе абяцалі вярнуць пры высяленні. Дзяўчына прызнаецца, што ім перад засяленнем забаранялі карыстацца чайнікам і прасам. Але пра плоцкі і фены, дадае яна, не было ні слова. Вікторыя кажа, што ў студэнтаў універсітэта такіх праблем няма: яны фенамі карыстаюцца пастаянна. Найбольш яе абурае, што ператрус адбыўся, пакуль навучэнцы былі на занятках.
У адміністрацыі інтэрната журналістцы, якая назвалася сястрой студэнткі, рэйд патлумачылі клопатам пра жыццё і здароўе навучэнцаў. Інтэрнат, маўляў, пабудаваны ў 1960-х, праводка не разлічаная на вялікую колькасць электрапрыладаў — адразу ж выбівае пробкі.
Пры гэтым заявілі, што ніякага ператрусу не рабілі, а бралі толькі тое, што стаяла навідавоку: "Як вы кажаце, у нас не забіраюць рэчы. Ёсць камісія, якая складае акт, потым праводзіцца рэйд, і тыя бытавыя прыборы, якія забароненыя ў інтэрнаце, паводле акта адбіраюцца. Потым мы, натуральна, іх вяртаем. /.../ Канфіскоўвалі тое, што стаяла на бачным месцы, электрапрыборы, якімі нельга карыстацца. Усё гэта, натуральна, паводле акта. Адзін яго асобнік у кіраўніцтва ўніверсітэта, адзін у нас". Усе канфіскаваныя рэчы, кажа супрацоўніца адміністрацыі, могуць забраць бацькі навучэнцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.