Буйная расійская кампанія скупляе акцыі гомельскага прадпрыемства
"Гомелькабель"
Акцыянеры прадпрыемства "Гомелькабель" прынялі рашэнне прадаць чарговы пакет акцый расійскаму інвестару. Расіянам перайшлі акцыі на суму 132,9 тысяч беларускіх рублёў. Гэта складае 2,4% ад існага балансавага кошту актываў прадпрыемства, піша "Флагшток". Пакупнік — расійскія АТ "Атол" і ТАА "Гандлёвы дом "Людзінавакабель". Раней сёлета яны ўжо купілі пакет акцый "Гомелькабеля" на суму 170,2 тысяч беларускіх рублёў.
Першы пакет акцый гомельскага прадпрыемства (25,6%) расійскі "Атол" набыў яшчэ ў 2011 годзе. Тады ж назіральны савет прадпрыемства ўзначаліў прадстаўнік расійскага інвестара. Праз нейкі час "Гомелькабель" сутыкнуўся з сур'ёзнымі фінансавымі праблемамі. Некалі прыбытковае прадпрыемства зрабілася стратным. Кошт акцый да 2018 года ўпаў з 14 да 2 долараў. Мінарытарныя акцыянеры абвінавачвалі ў гэтым расійскага інвестара, яны выказалі здагадку, што расіяне прыйшлі на прадпрыемства, каб "выціснуць сокі". У Расіі ў інвестара ёсьць аналагічная вытворчасьць. З прыходам расіянаў тры чвэрці паставак прадукцыі "Гомелькабель" стала прыходзіцца на расійскі рынак. Прычым Гомель выконваў танныя заказы, а прыбытковыя даставаліся расійскаму прадпрыемству.
"Сэнс дагавораў у тым, каб быццам даць працу, але атрымаць для сябе максімальны прыбытак шляхам перапрацоўкі па максімальна заніжаных цэнах. Пры гэтым заводу не застаецца выручкі нават на заробкі. Мэта — у перспектыве зрабіць гомельскі завод прыдаткам "Людзінавакабеля", скараціўшы да мінімуму персанал", — мяркуе экс-дырэктар прадпрыемства Анатоль Баякоў. Пазней фінансавая сітуацыя прадпрыемства стабілізавалася. Яно зноў пачало атрымліваць прыбытак. Аднак па меры росту прыбыткаў акцыянернае таварыства пачало скупляць ўласныя акцыі і прадаваць іх расійскім інвестарам, тым самым павялічваючы іх долю ў кампаніі.
Дададзім, што "Гомелькабель" спецыялізуецца на вытворчасці правадоў, пакрытых эмаліевай, папяровай і шкловалакністай ізаляцыяй. Прадукцыя выкарыстоўваецца для вытворчасці рухавікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.