Буйны беларускі ТГ-канал рэзка стаў праўладным
Стыкеры ў "Тэлеграме" з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Лукашэнкам
Месяц таму 40-тысячны канал "Беларусь News" рэзка змяніў палітычны вектар. Да канца чэрвеня ён збіраў навіны пераважна з незалежных СМІ. Цяпер жа тут не прадыхнуць ад рэпостаў з дзяржмедыя і праўладных тэлеграм-каналаў. Асаблівай папулярнасцю ў адмінаў стаў карыстацца "Пул Первого", звязаны з адміністрацыяй прэзідэнта.
Як гэта было?
28 чэрвеня на канале выходзіць пост са словамі: "Дзякуй, пане, хоць за хлёрку плаціць не трэба". Навіна пра тое, што мінчукоў вызвалілі ад аплаты за атручаную ваду, падаецца вельмі саркастычна.
А на наступны дзень канал спачатку публікуе пост з новымі "залатымі цытатамі Лукашэнкі", а крыху пазней — здзек над прапановай Валерыя Цапкалы скасаваць абавязковае размеркаванне студэнтаў:
"Малайчына, вядома. Ідэя выдатная. Толькі мала. Можна яшчэ адмяніць ЦТ, экзамены і сесіі. Скараціць ВНУ і выпускнікоў, якія застануцца, у ПВТ уладкаваць. І наперад у IT-краіну".
І панеслася. З тых часоў амаль кожны дзень — рэпосты з "Пула Первого" і іншых праўладных каналаў. Са "свайго" кантэнту — выключна допісы "за моцную і квітнеючую Беларусь". А з нядаўніх часоў "Беларусь News" мочыць Вадзіма Пракоп'ева і Святлану Ціханоўскую.
Адкуль наогул узяўся гэты канал?
Першыя публікацыі "Беларусь News" датуюцца 10 красавіка. Тады канал быў цалкам прысвечаны каранавірусу. Падобных каналаў у Беларусі ў сакавіку-красавіку з'явілася з дзясятак. На хайповай тэме яны хутка змаглі набраць сабе падпісчыкаў і выйсці ў топы беларускага сегмента.
Адміністратар канала "Беларуский Телеграм" Вадзім Чаюкоў расказаў Еўрарадыё, што "Беларусь News", як і многія падобныя да яго навінавыя праекты, створаны расіянамі, якія своечасова зразумелі, што на пандэміі можна зрабіць бізнес. Каму канал належыць цяпер, Вадзім не ведае.
Бот-адміністратар канала на паведамленні Еўрарадыё не рэагуе. Не дапамагла нават прапанова пра куплю рэкламы.
Адзіная зачэпка — спасылка ў апісанні чата "Беларусь News" на чат іншага буйнога тэлеграм-канала — "Беларусь сейчас". Гэта адзін з 6 буйных каналаў, якія ў сярэдзіне чэрвеня былі прададзеныя іншаму ўладальніку. Акрамя "Беларусь сейчас" у здзелку трапілі "Говорит Беларусь", "Беларусь без цензуры", "ЧП Беларусь", "VIRUS Belarus", "Беларусь 24/7". Па інфармацыі TUT.by, пакупніком стаў 25-гадовы жыхар Віцебска, які паведаміў, што "сума гэтых здзелак параўнальная па цане з коштам добрай машыны". Частку каналаў ён адразу ж перапрадаў.
Актуальны адмін "Беларусь сейчас" Аляксандр Васільеў прызнаецца, што да "Беларусь News" не мае ніякага дачынення.
“Беларусь News” не зарабляе на рэкламе
“Беларусь News” — крыху менш папулярны канал, чым іншыя са "спіса шасці". Але цалкам відавочна, што ўладальнік у яго таксама памяняўся. Змена кантэнту якраз прыпадае на канец чэрвеня: буйная здзелка з топавымі каналамі магла паўплываць на жаданне іншых адмінаў прадаць свае каналы.
Аднак калі адміны іншых каналаў зарабляюць на рэкламе, то ў "Беларусь News" яе проста няма. Новы ўладальнік камерцыяй не займаецца — проста актыўна піярыць беларускія ўлады.
"Калі ёсць бюджэт, можна зайсці практычна на любы [тэлеграм-]канал і нават сетку каналаў, звязаўшыся з адміністратарам і аплаціўшы допіс з пэўнай колькасцю знакаў. Можна і зусім купіць канал і прасоўваць выгадны для сябе парадак дня", — расказвае газеце Адміністрацыі прэзідэнта "СБ — Беларусь сегодня" аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Дзяміраў. Толькі вось выглядае, у АП гэта даўно ўжо ведаюць і без яго.
Для падпісчыкаў канала змена вектара не прайшла незаўважанай. За апошні месяц "Беларусь News" страціла 8 тысяч чытачоў — ⅙ ад тых, якія былі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.