Бяспецы пасажыраў пагрозы не было — "Белавія" каментуе інцыдэнт з "Дынамалётам"

У самалёце кампаніі "Белавія"

У самалёце кампаніі "Белавія" / БЕЛТА

"Здароўю і бяспецы пасажыраў нічога не пагражала", — так у кампаніі "Белавія" пракаментавалі інцыдэнт з самалётам Embraer-195, які ў нядзелю не даляцеў да Калінінграда.

Як расказвала Еўрарадыё, гаворка ідзе пра так званы "Дынамалёт" — самалёт у ліўрэі хакейнага клуба "Дынама-Мінск". 24 лістапада ён выконваў рэйс у Калінінград. Падчас палёту трэснула лабавое шкло з боку камандзіра паветранага судна. Экіпаж прыняў рашэнне вярнуцца ў аэрапорт вылету.

"Растрэскванне шкла кабіны пілотаў — сітуацыя, якая ўзнікае выпадковым чынам, і не можа быць спрагназаваная авіякампаніяй. Растрэскванне покрыўнага пласта лабавога шкла кабіны пілотаў без пашкоджання сілавых элементаў не ўплывае на бяспеку палёту і пасажыраў", — тлумачаць у "Белавія" акалічнасці інцыдэнта.

Пасажыраў даставілі ў Калінінград іншым самалётам, які паспяхова прызямліўся там у 17.50 паводле мясцовага часу. Пасажырам затрыманых рэйсаў у Калінінградзе і Мінску далі напоі і харчаванне згодна з дзейнымі правіламі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі