Ці працуе "фабрыка троляў" у Беларусі?
Фота невядомай дзяўчыны, якое прысвоілі сабе ўжо нямала ашуканцаў / vk.com
У Расіі фэйкавыя акаўнты ў сацсетках шырока выкарыстоўваюцца для дэзынфармацыі і фарміравання "правільнай" грамадскай думкі. "Фабрыка троляў", "ольгінскія тролі", "крамляботы" — хто пра іх не чуў? Нам стала цікава, ці выкарыстоўваюцца гэтыя прапагандысцкія тэхналогіі ў Беларусі.
Варта было крыху прыгледзецца — і боты знайшліся ў беларускім сегменце "Фэйсбука".
Прыгажуні на службе ў прапагандыстаў
Вы напэўна атрымлівалі запыты аб дадаванні ў сябры ад нібыта незнаёмых сімпатычных хлопцаў і дзяўчат, у якіх у профілі няма нічога, акрамя адзінай фатаграфіі? Прыемная знешнасць выклікае давер у карыстальнікаў — часта дадаюць у сябры, як той казаў, за прыгожыя вочы. У беларускім сегменце ФБ таксама ёсць такія прыгажуны і прыгажуні.
Знаёмцеся: Яўгенія Скакунова. Прыгажосць не перашкаджае дзяўчыне быць падкаванай у палітычным жыцці Беларусі і час ад часу дзяліцца спасылкамі і рэпостамі з "аналітычных" суполак са сваімі прыхільнікамі, якіх у яе ў "Фэйсбуку" хоць адбаўляй.
Толькі вось фатаграфіі ў профілі "Яўгеніі", вядома ж, не яе. Гэта стокавыя фота з інтэрнэту.
"Яўгенія" добра разбіраецца (ну ці робіць выгляд, што разбіраецца) і ў знешняй палітыцы. Яна падпісаная на старонку Мінабароны Беларусі. А паміж рэпостамі прапагандысцкіх артыкулаў з расійскіх сайтаў трапляюцца тэксты з Imhoclub.by — сайта, які працуе ў Латвіі і ў Беларусі і падаецца як "лакальная сацыяльная сетка для недурных і неабыякавых людзей".
У гэтых артыкулаў алармісцкая і адкрыта антынатаўская рыторыка. "Звычайная магіляўчанка" мэтанакіравана настройвае сваіх падпісчыкаў супраць Захаду — то ангажаванай аналітыкай, то жартачкамі ў стылі "кабаны-дыверсанты вывелі са строю вайсковую базу ЗША ў Польшчы".
Цуды кланавання
Яшчэ адзін рэтранслятар палітычных навін — Вольга Арсені з "Аднакласнікаў". Імя і прозвішча, магчыма, сапраўдныя, але вось фота выклікаюць сумнеў. Ці не Вольга, а Дарына Раманава?
Можа быць, гэтыя дзяўчаты — трайняты? Таму што мы знайшлі і яшчэ адзін клон.
Вольга Арсені з Парыжа — або Алёначка Бяляева з Растова-на-Доне?
Вольга (Анастасія, Дарына, Алёначка) займаецца ў "Аднакласніках" палітычнай асветай. Яна чэрпае навіны ў суполцы "Беларусь і Расія — непарушная сіла!" і посціць іх у суполку "Лукашэнка — наш прэзідэнт!”.
Ці то дзяўчынка, а ці то здань
Часам зразумець, бот перад табой або жывы чалавек, вельмі складана. Вось, напрыклад, Анастасія Лугавая, чароўная каравокая красуня.
Анастасія пра сябе: жыве ў Мінску. Вучылася ў гімназіі №7, потым — у БДУ. Але вось толькі фота са старонкі Анастасіі ўжо даўно апублікаваныя ў "Інстаграме", у акаўнце дзяўчыны пад нікам Bethany LeFave, якая жыве ў Чыкага, штат Ілінойс, ЗША.
Як у Анастасіі адначасова атрымліваецца знаходзіцца ў двух месцах? Можна дапусціць, што дзяўчына эмігравала з Мінска, стварыла профіль у "Інстаграме" пад іншым імем, а потым пастанавіла, што і "Фэйсбук" не варта забываць, — і з настальгічных пачуццяў пачала цікавіцца грамадскім жыццём ў Беларусі. Яе хроніка складаецца з рэпостаў і спасылак — напрыклад, на расійскі Regnum, які ў трывожных тонах піша пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі.
Яшчэ Анастасія Лугавая актыўна посціць мемы і медыяпрадукцыю Міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў "НАШ ДОМ", размешчанага ў Віцебску. Прызнавайцеся, ваш бот?
Мы звярнуліся па каментар да ўладальніцы інстаграм-акаўнта Bethany LeFave. У адказе прачыталі, што "Анастасія Лугавая" — гэта дакладна не яна. І што дзяўчына адправіла скаргу на фэйкавы профіль у адміністрацыю "Фэйсбука".
Замест высновы
Такім чынам, боты актыўна працуюць у нашым акружэнні ў сацсетках, падсоўваючы нам і нашым сябрам той ці іншы палітычны парадак дня. Мы паказалі вам трох, але іх, натуральна, нашмат больш.
Гэта значыць толькі адно: хоць мы і жывём на "астраўку спакою" — інфармацыйную гігіену ніхто не адмяняў. Калі вы дадасце бота ў сябры, вашыя сябры, да якіх ён пастукаецца пасля, атрымаюць дадатковы аргумент на карысць таго, каб дадаць яго таксама. І гэты ланцужок фэйкавых сеткавых жыццяў будзе бясконцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.