Ці вернуцца паслы ЕС у Беларусь? Меркаванні Ягорава і Лойкі
Ці вернуцца паслы?
Экс-спікер Каардынацыйнай рады, палітолаг і метадолаг Андрэй Ягораў выказаў меркаванне ў эфіры Еўрарадыё, што Захад не мае намеру прызнаваць легітымнасць Лукашэнкі.
— Яны абапіраюцца на пэўныя механізмы. Ці гатовыя яны зняць санкцыі? Не, негатовыя. Тут шмат фактараў, уключаючы парушэнні правоў чалавека, міжнароднай бяспекі і нявырашаны міграцыйны крызіс. Ні пра якое "перагортванне старонкі" тут гаворка не ідзе.
Але тое, што Захад гатовы быў бы значна больш камунікаваць з рэжымам і спрабаваць выбудоўваць пэўныя крокі для вызвалення людзей альбо паляпшэння агульнай сітуацыі ў Беларусі, такія жаданні заўсёды ёсць, і такія галасы растуць унутры краін ЕС.
Былая палітзняволеная Вольга Лойка мяркуе, што калі паслы ЕС вернуцца, гэта часткова будзе на карысць рэжыму, але таксама і на карысць самім беларусам.
— Ад візавага пытання, бо фізічна зараз няма магчымасцяў выдаваць больш віз, да розных праектаў, якія фінансаваліся пасольствамі і не звязаныя з Лукашэнкам, напрыклад, пра хатні гвалт. Людзі чакаюць, што гэтая дапамога адновіцца. Сказаць, што гэта не трэба беларусам, [нельга. — Еўрарадыё] — гэта трэба.
Андрэй Ягораў таксама дадаў, што рэжым, хоць і ў абмежаванай ступені, але сігналізуе пра магчымы пачатак размовы з Захадам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.