Цяпер Беларусь належыць да "вялікай Еўразіі", заявіў на Мальце прадстаўнік МЗС
Юрый Амбразевіч прамаўляе на Мальце
На сустрэчы Савета міністраў замежных спраў АБСЕ на Мальце выступіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч. Яго прамова запомнілася заявай, што будучыня нашага кантынента — "у рамках еўразійскай бяспекі". Ён пералічыў арганізацыі, у якія ўваходзіць РБ — АДКБ, ЕАЭС, СНД, ШАС.
"Так, цяпер і Беларусь, і амаль усе мы ў гэтай зале належым да адной вельмі важнай і недаацэненай пакуль яшчэ на захад ад Вены прасторы — да вялікай Еўразіі!", — урачыста аб'явіў прадстаўнік МЗС. Ён нагадаў, што менавіта Беларусь "надзейна абслугоўвае самую загружаную і важную артэрыю найдаўжэйшага наземнага транзітнага шляху з Кітая ў Заходнюю Еўропу". Але прамаўчаў наконт праблем, якія ўзнікаюць з гэтым транзітам з-за палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Аднак згадаў санкцыі ЗША і ЕС, якія нібыта не дзейнічаюць з-за падтрымкі "саюзнай Расіі" і "стратэгічнага партнёра Кітая" (не дзіўна, што ў Літве занепакоіліся ростам уплыву КНР у РБ).
Юрый Амбразевіч сказаў, што Беларусь "усё яшчэ бачыць у АБСЕ інструмент для гарантавання бяспекі ў Еўропе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.