Цюбінгавую трасу ў Гродне закрылі праз некалькі дзён працы

Абсталяваная цюбінгавая траса ў Каробчыцах / instagram.com/gokcor_grodno
На гарналыжным комплексе ў гродзенскіх Каробчыцах зачыняюць цюбінгавую трасу. Яна паспела папрацаваць толькі некалькі дзён. Але за гэты час там ужо атрымала траўму дзіця.
Траса была адкрытая для катання 15 лютага. А ўжо праз тры дні комплекс абвясціў, што яна спыняе працу, заўважыў сайт Hrodna.life. "Цюбінгавая траса, на жаль, з чацвярга спыняе сваю працу", — паведамляецца ў Інстаграм-акаўнце парку актыўнага адпачынку "Каробчыцкі Алімп".
Апошні раз пракаціцца на цюбінгах па гэтай трасе можна толькі сёння, 19 лютага да 22.00.
Прычыны закрыцця трасы не патлумачылі. Але ў каментарах да паста адміністрацыя парка ўдакладніла, што рашэнне пра закрыццё — канчатковае.
Аднак у парку з 21 лютага адкрыюць для катання аматарскую трасу для горных лыж і сноўборда. Будзе працаваць і пад'ёмнік.
У нядзелю, 16 лютага, у Гродне пры катанні на цюбінгах траўмы атрымалі двое дзяцей. Прычым адно надзвычайнае здарэнне адбылося акурат на абсталяванай трасе ў Каробчыцах. У цюбінг дзесяцігадовай дзяўчынкі ўрэзаліся два іншыя цюбінгі. Дзіця атрымала множныя пераломы нагі. Праверкай інцыдэнта заняўся Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.