Да санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі далучылася яшчэ адна краіна
Швейцарскі сцяг, ілюстрацыйнае фота
Да чэрвеньскага пакета санкцый Еўрасаюза супраць рэжыму Лукашэнкі далучылася Швейцарыя. Акрамя таго, краіна ўвяла новыя абмежаванні на нацыянальным узроўні, заўважыў "Позірк".
Новыя санкцыі Швейцарыі забараняюць інвеставаць у кампаніі, якія працуюць у энергетычным сектары Беларусі.
Таксама забараняецца імпарт золата, алмазаў, вугалю і сырой нафты з Беларусі і экспарт у Беларусь прадметаў раскошы, тавараў для перапрацоўкі нафты і звадкаванага прыроднага газу, тавараў для ўмацавання беларускіх прамысловых магутнасцяў, авіяцыйнага паліва і паліўных прысадак, тавараў марскога флоту.
Для тавараў падвойнага прызначэння ды іншых не дазволеных для ўвозу ў Беларусь цяпер уводзіцца забарона і на транзіт праз нашу краіну. Экспарцёры павінны будуць уносіць у кантракты забарону на рээкспарт з трэцяй краіны ў Беларусь камплектуючых — у тым ліку ўмантаваных у абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў вайне супраць Украіны.
Пры гэтым Швецарыя не падтрымала забароны на грузавыя перавозкі і не далучылася да абмежаванняў ЕС па абавязанні матчыных прадпрыемстваў не дапускаць "падрыву санкцый" за кошт дзейнасці даччыных кампаній у трэціх краінах.
Змены набываюць моц 31 кастрычніка.
Чарговы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ЕС прыняў 29 чэрвеня 2024 года. Абмежаванні ўведзеныя ў адказ на ўдзел беларускага боку ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэты пакет уводзіў санкцыі, раней прынятыя супраць Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.