Добраахвотнік жорстка раскрытыкаваў кіраўніцтва штаба палка Каліноўскага

“Калі разумееш вайну, не будзеш казаць, як пойдзеш з джавеліна растрэльваць ГУБАЗ”

“Калі разумееш вайну, не будзеш казаць, як пойдзеш з джавеліна растрэльваць ГУБАЗ” / тэлеграм-канал Палка Каліноўскага

У батальёнах “Волат” і “Літвін” ваююць годныя беларусы, а ў штабе ПКК ёсць людзі, якія пабудавалі на гэтым бізнес, кажа старшыня арганізацыі “Малады фронт”, ваяр батальёна “Волат” палка Каліноўскага Дзяніс Урбановіч у эфіры 6TV Biełaruś. За час поўнамаштабнай вайны Урбановіч быў паранены 5 разоў.

Людзі, якія ўваходзяць у штаб палка, часта знаходзяцца далёка ад лініі фронта, кажа Урбановіч. І, паводле яго слоў, “на Кіеве” сядзіць больш чалавек, чым ваюе.

— Штаб палка гатовы ваяваць? Не, гэта не ваенная структура. Гэта напалову валанцёрская, напалову палітычная арганізацыя.

Падчас стрыму каментатары пыталіся ў Урбановіча, навошта ён расказвае пра ўнутраныя праблемы публічна. Урбановіч адказвае так:

— Бо трэба ведаць, каму вы данаціце. І калі нешта хочаце зрабіць дзеля вызвалення Беларусі, трэба разбірацца прынамсі трохі ў людзях і арганізацыях.

Пытанні ёсць да некалькіх людзей з кіраўніцтва палка. Да тых людзей, якія аддаюць незразумелыя загады. Гэта невялікая колькасць.


Галоўныя прэтэнзіі Урбановіча да штаба

— Прайшло паўтара года, дагэтуль не было ніводнай фінансавай справаздачы ад штаба палка Каліноўскага. Прыкладам, машыны для маёй групы набытыя за мае ўласныя грошы. Я не разумею, куды ідзе валанцёрка. Не ўся, вядома — частка прыходзіць. Але ўсё, што ёсць у мяне, набытае за грошы беларусаў, якія тут са мной ваююць на фронце.

Штабскіх не надта цікавіць, ці ёсць у байца ў акопе генератар, кажа Урбановіч.

— А быў выпадак, калі нашыя групы біліся разам з азоўцамі ”пад Андрэеўкай і засталіся без медычнай дапамогі. Таму што армія медыкаў на загад палка знялася з месца і з’ехала. Баявая група знаходзілася на баявым выездзе, а ў іх не было медычнай дапамогі!

Цяпер, паводле Урбановіча, у “Волаце” працуе асобная група медыкаў, якая далучылася да ваяроў у абыход штаба.

— Ёсць і ўнутраныя пытанні: часам камандзірамі прызначаюцца людзі, якія да ніводнага баявога не даехалі.

Але не так даўно Украіна перадала некалькім добраахвотнікам ПКК дзяржаўныя ўзнагароды. Іх атрымалі ў тым ліку прадстаўнікі штаба. За што?

— Часам узнагароджваюць тых, хто нават на фронце не быў. Я такія медалькі гатовы выкінуць, бо іх раздаюць усім запар.

 

Беларусы сыходзяць з беларускага падраздзялення?

— Так, ёсць людзі, якія перайшлі ў небеларускія падраздзяленні, бо не хочуць жыць у такім бардаку. Але і цяпер мы з імі па-ранейшаму служым у адной часці, проста ў розных групах. Юрыдычна ніхто нікуды не сыходзіў.

І калі штаб ПКК не будзе перашкаджаць стварэнню беларускага войска, усе беларусы, што ваявалі ў беларускіх падраздзяленнях, вернуцца.
 

Калі ўсё так дрэнна, чаму ніхто не можа спыніць штаб?

— Я знаходжуся амаль заўсёды на фронце, а ў Кіеў прыезджаю толькі па раненнях. Таму не ўся інфармацыя даходзіць адразу. Ваяваць на фронце і адначасова вырашаць гэтае пытанне не заўсёды атрымліваецца.

У кастрычніку, напэўна, мы правядзём з’езд “Маладога фронту” і зробім афіцыйную заяву пра тое, што адбываецца ў ПКК.

У Урбановіча пытаюцца, чаму ён не застанецца ў Кіеве і не зоймецца навядзеннем парадку замест таго, каб зноў ехаць на фронт.

— Бо не магу пакінуць сваіх хлопцаў.

Але з гэтымі людзьмі (са штаба) былі размовы, і мы з імі змагаемся. І вынікі будуць.

 

“Не трэба казаць, як пойдзеш з джавеліна растрэльваць ГУБАЗ”

— Толькі ў акопе, вызваляючы метр за метрам украінскую зямлю, ты даведваешся пра тое, наколькі гэтае вызваленне цяжкае. І калі ты гэта ведаеш, ты не будзеш расказваць, як пойдзеш з джавеліна расстрэльваць ГУБАЗ.

Калі нейкае войска ідзе з Украіны ў Беларусь — гэта вайна. Гэта другі фронт. Вы думаеце, зайсці ў Беларусь так лёгка і проста? Не, гэта практычна немагчыма. Дзеля гэтага патрэбныя дывізіі танкаў і гармат.

Мы звярнуліся з просьбай пра каментар да прэс-службы палка Каліноўскага і апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі