ДАІшнік патлумачыў, навошта бацюшка асвячае дарогі: "Апошні шанец"
У Салігорску спрабуюць зніжаць аварыйнасць на дарогах з дапамогай праваслаўнай царквы. Як інфармавала Еўрарадыё, нядаўна святар асвяціў самыя праблемныя скрыжаванні і пешаходныя пераходы ў горадзе. Аднак ужо праз два дні на адным з іх аўтамабіль збіў чалавека. Мясцовыя жыхары накіравалі зварот у салігорскую ДАІ аб мэтазгоднасці асвячэння аварыйных участкаў у горадзе.
І вось на салігорскім тэлеканале выходзіць сюжэт пра аварыйнасць на вуліцах. Камандзір узвода ДПС АДАІ Салігорскага РАУС Уладзімір Гелескул распавёў, якія высілкі робяцца, каб выправіць сітуацыю на скрыжаванні, на якім былі два наезды на пешаходаў, а ў адным з выпадкаў пешаход загінуў.
"Дзяржаўтаінспекцыя прымае ўсе меры для зніжэння аварыйнасці на дадзеным участку дарогі, — распавядае ДАІшнік. — ...Апошні шанец — запрошаны былі святары для асвячэння дадзенай мясцовасці, каб пазбегнуць у далейшым такіх моцных летальных вынікаў аварыйнасці".
Атрымліваецца, што "апошні шанец" у Салігорску ўжо скарысталі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.