Дасье на 26 прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі перадалі ў ЕС
Супраць прапагандыстаў рэжыму прапануецца ўвесці санкцыі
Кааліцыя "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду" перадалі ў ЕС спіс 26 прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі, якія дагэтуль не трапілі пад еўрапейскія санкцыі. Адбылося гэта падчас нядаўняй сустрэчы ў Бруселі з прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
"Гэтымі днямі ідзе ўдакладненне кандыдатаў у санкцыйныя спісы ад пула прапаганды Лукашэнкі. Намі перададзеныя персанальныя даныя і абгрунтаванне ўвядзення санкцый, у тым ліку цытаты і спасылкі на публікацыі", — гаворыцца ў паведамленні кааліцыі.
У прыватнасці ў гэты спіс трапілі такія асобы, як старшыня партыі "Белая Русь" Алег Раманаў, кіраўнік БРСМ Аляксандр Лук'янаў ( яго падазраюць таксама ў незаконным перамяшчэнні на тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх дзяцей), галоўрэд галоўнай афіцыёзнай газеты "СБ. Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук, гендырэктарка інфармагенцтва БЕЛТА Ірына Акуловіч, супрацоўнік Russia Today Канстанцін Прыдыбайла, а таксама прапагандысты Пётр Пятроўскі, Сяргей Лушч ды іншыя.
"Адказнасць за хлусню і паклёп, распаўсюджванне варожасці і нянавісці, апраўданне гвалту, рэпрэсій і агрэсіўнай вайны немінуча наступіць. Пакуль толькі ў выглядзе санкцый, а далей многія з гэтых персанажаў могуць прэтэндаваць на належную прававую ацэнку сваіх дзеянняў ужо ў сапраўдным і сумленным судзе", — пракаментаваў гэты спіс Павел Латушка.
Таксама кааліцыя прапанавала блакаваць тэлеканалы АНТ і СТБ, якія яшчэ не трапілі пад абмежаванні ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.