Дэкан філасофскага факультэта БДУ Гігін кажа, што выкінуў пустыя цюбікі ад Nivea
Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін заявіў, што выкінуў нават пустыя цюбікі ад Nivea. Такое прызнанне прагучала падчас патрыятычнага кангрэса, які ладзіла на мінулых выходных Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі.
"Я вось асабіста скажу, я раней карыстаўся маркай Nivea, але пасля гэтых хамскіх заяў, якія былі зробленыя на пачатку года, для мяне гэтай кампаніі больш няма. Я нават тыя пустыя цюбікі, якія ў мяне былі, сабраў у пакецік і выкінуў.
І больш купляць не буду. І да той пары, пакуль вось гэтая іх кампанія не выбачыцца перад Беларуссю. Нікому дараваць такіх дзеянняў нельга!" — цытуе "Наша Ніва" словы Гігіна.
Навошта дэкан філасофскага факультэта збіраў пустыя цюбікі, ён не патлумачыў.
Як вядома, вытворцы крэма Nivea адмовіліся быць спонсарамі чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. У адказ беларускія ўлады забаранілі на паўгода продаж тавараў гэтай кампаніі. Пад санкцыі трапілі і іншыя фірмы, якія не захацелі быць спонсарамі турніру ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.