Дэпутат нямецкага Бундэстага ўпотай ад калегаў наведаў Беларусь

Петр Быстран / скрыншот відэа youtube
Петр Быстран / скрыншот відэа youtube

Дэпутат нямецкага Бундэстага ад правай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" Петр Быстран у лістападзе мінулага года тайна наведаў Беларусь. Пра гэта піша рэсурс RND са спасылкай на расследаванне цэнтра Correctiv і калегаў з літоўскага тэлеканала LRT.

На гэты час у Быстрана была ўзгодненая камандзіроўка ў Літву. "Спадар Быстран падаў 9 лістапада 2022 года прэзідэнту Бундэстага запыт на дазвол індывідуальнай камандзіроўкі ў Вільню, Літва, з 14 па 16 лістапада 2022 года", — распавядае старшыня Камітэта па замежных справах нямецкага парламента Міхаэль Рот. Паводле яго слоў, "ні ў заяве аб камандзіроўцы, ні ў наступнай справаздачы аб паездцы спадара Быстрана не згадваецца далейшая камандзіроўка ў Беларусь".

Пры гэтым крыніца ў памежных органах Літвы паведаміла, што дэпутат АдГ заехаў у Беларусь з Літвы па сушы ў памежным пункце Медзінінкай 16 лістапада і вярнуўся 19 лістапада. Следчыя звярнуліся да дэпутата па каментар. Пісьмовы запыт ён праігнараваў, у вуснай размове не стаў ні пацвярджаць, ні абвяргаць інфармацыю пра паездку.

Быстран з'яўляецца прадстаўніком АдГ у Камітэце па замежных справах Бундэстага. Кіраўнік камітэта Міхаэль Рот (СДПГ) назваў гэтыя паведамленні пра паездку дэпутата ў Беларусь "надзвычай дзіўным працэсам". Ён падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны і таму падпадае пад санкцыі ЕС, а "сустрэчы з апазіцыянерамі ў Беларусі фактычна немагчымыя".  Рот мае намер абмеркаваць гэтую сітуацыю ў Камітэце, паколькі паездкі ў Беларусь "не адпавядаюць інтарэсам Бундэстага".

Намеснік старшыні Камітэта па замежных справах Томас Эрндль (гэта ён у лістападзе ўхваліў заяўку Быстрана на паездку ў Літву), кажа, што, калі б ведаў, “што спадар Быстран таксама планаваў паехаць у Беларусь, я б не падтрымаў прапанову аб паездцы“. Дэпутат Эрндль заявіў следчым, што ён адчувае сябе падманутым і што дзеянні Быстрана будуць абмяркоўвацца паміж фракцыямі.

У дзяржаўных беларускіх СМІ інфармацыі аб прыездзе і сустрэчах не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі