Дрон на ЧАЭС мог стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй у рэгіёне — Ціханоўская

Саркафаг на Чарнобыльскай АЭС / МАГАТЭ
Дрон, які сёння ўначы пацэліў у Чарнобыльскую АЭС і прабіў абарончы саркафаг, мог стаць прычынай яшчэ адной страшнай трагедыі ў нашым рэгіёне. Так Святлана Ціханоўская пракаментавала чарговы расійскі ўдар па Украіне.
"Жудасна, якія бесчалавечныя ўчынкі здзяйсняе Расія ў гэтай вайне. Некалькі дзясяткаў гадоў таму мы ўсім светам рабілі ўсё магчымае, каб ліквідаваць жахі Чарнобыльскай трагедыі. Мы сачылі за кожнай навіной і шукалі магчымасці дапамагчы ахвярам. Але дыктатараў не хвалююць мірныя жыхары. У гэтую нядзелю расійскі "Шахед" цудам не ўляцеў у жылы дом у Хойніках. Сённяшняя атака магла стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй у гісторыі нашага рэгіёна, наступствы якой пагражалі б не толькі нам, але і нашым дзецям і ўнукам", — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.
Лідарка беларускіх дэмсілаў паўтарыла тое, што казала на Мюнхенскай канферэнцыі: бяспека ў нашым рэгіёне — гэта бяспека Еўропы.
"І гэтай ноччу мы атрымалі чарговае пацвярджэнне гэтаму. Няма ніякай розніцы, як гэты ўчынак будзе абгрунтаваны — "памылка", "дыверсія" ці "стратэгічная атака". Адзіныя вынікі гэтай вайны — новыя смерці і разбураныя жыцці ні ў чым не вінных людзей", — дадала Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што беларускае змаганне супраць дыктатара — гэта засцярога ад "новых трагедыяў і новага Чарнобыля, які можа здарыцца з-за тых, хто ахвяруе людзьмі дзеля ўлады".
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскі ўдарны дрон меў фугасную баявую частку і прычыніў "істотныя пашкоджанні".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.