Два юбілеі сустрэў за кратамі: хто такі нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі / Еўрарадыё
Беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Што пра яго вядома?
Бяляцкі паходзіць з багатай сям'і з Усходняга Палесся, якая ў выніку савецкай калектывізацыі збяднела і была вымушаная шукаць новае месца для жыцця. Гэтыя людзі апынуліся на акупаванай СССР фінскай тэрыторыі ў Карэліі. У 1960-я сям’я вярнулася ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў Светлагорск, дзе Алесь Бяляцкі і правёў сваё дзяцінства.
Вучыўся Бяляцкі на беларускай філалогіі ў гомельскім універсітэце. Там жа ён і пазнаёміўся з будучай жонкай Наталляй, з якой ажаніўся ў 1987 годзе. За гэты час Алесь паспеў папрацаваць настаўнікам у Лельчыцкім раёне і адслужыць у войску.
Актыўны ўдзел у нацыянальна-дэмакратычным руху Бяляцкі браў ужо на пачатку 1980-х. Ён быў адным з заснавальнікаў “Мартыралога Беларусі” і сябрам аргкамітэта Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, суарганізатарам “Беларускай каталіцкай грамады”.
Бяляцкі быў сярод арганізатараў першых афіцыйных у БССР мітынгаў, у тым ліку славутага на Дзяды ў 1988-м. У тым жа годзе стаў дырэктарам літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці ў Мінску.
У 1991-м становіцца дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Менавіта ён прынёс беларускі бел-чырвона-белы сцяг, які залунаў над гэтай дзяржаўнай установай.
"Минская весна", 1996 год
У 1996 годзе Бяляцкі засноўвае праваабарончы цэнтр “Вясна-96”. Пасля жорсткага задушэння пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму ўзнікла патрэба ў юрыдычнай дапамозе беларусам. Гэтым і занялася арганізацыя.
У 2011 годзе супраць Бяляцкага была заведзена першая крымінальнае справа — нібыта за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры. Гаворка ішла пра рахункі “Вясны” ў літоўскіх банках, сродкі з якіх былі накіраваныя на праваабарончую дзейнасць арганізацыі. У выніку Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 года калоніі.
Пакаранне праваабаронца адбываў у бабруйскай калоніі, дзе працаваў у швейным цэху. У зняволенні Бяляцкі адбыў крыху меней за тры гады — выйшаў на волю ў чэрвені 2014 года па амністыі.
Беляцкий после освобождения в 2014-м
Спадару Бяляцкаму 60 гадоў, ужо другі юбілей ён сустракае за кратамі. Праваабаронца больш за год знаходзіцца ў зняволенні. Яго затрымалі ў мінулым ліпені.
Улады абвінавачваюць праваабаронцу ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Бяляцкаму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Вацлав Гавел и Алесь Беляцкий
За 25 гадоў сваёй дзейнасці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: у 2006 годзе — шведскай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавел, у 2011 годзе — дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”, прэміяй “Найлепшы праваабаронца года”, прэміяй Нарвежскага саюза пісьменнікаў “За свабоду слова”, у 2012 годзе — прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэміяй Леха Валенсы, прэміяй імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гавела ад ПАСЕ, у 2019 годзе — прэміяй “За правы чалавека і вяршэнства закона”, а ў 2020 годзе — прэміяй “За годны лад жыцця” і сумесна з іншымі прэміяй імя Сахарава. Пяць разоў вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру. І вось яна яго дачакалася.
Адрас для віншаванняў: СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.