Дзве версіі масавага затрымання раварыстаў у Мінску

Дзве версіі масавага затрымання раварыстаў у Мінску

Увечары 29 красавіка ў Мінску адбылося масавае затрыманне раварыстаў. Як піша "Наша ніва", у апошнюю пятніцу месяца раварысты многіх краін ладзяць масавы заезд пад назвай "Крытычная маса", каб звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў, а таксама прымусіць чыноўнікаў зрабіць горад зручнейшым для велатранспарту. Удзельнікі сённяшняй акцыі кажуць, што каля Опернага тэатра на пачатку заезду было каля 35 раварыстаў, 10 асоб у цывільным і чацвёра амапаўцаў.

У 19.23 калона раварыстаў рушыла ад тэатра і да 19.42 яны даехалі да стэлы "Мінск — горад-герой". У гэты момант канец калоны падрэзаў бардовы мікрааўтобус, з якога выскачылі амапаўцы і пачалі хапаць удзельнікаў. Шэсць чалавек кінулі на падлогу аўтобуса тварам уніз, нанеслі ўдары па целу, зверху кінулі на іх ровары і павезлі ў Цэнтральны РУУС сталіцы.

ГУУС Мінгарвыканкама мае сваю версію здарэння. Як інфармуе БЕЛТА, каля Опернага тэатра сабраліся 20-30 раварыстаў, некаторыя з іх мелі пры сабе "чорна-зялёныя сцягі". У 19.20 калона рушыла ў бок Музея Вялікай Айчыннай вайны. У раёне стэлы раварысты, "груба парушаючы ПДР [правілы дарожнага руху], выехалі на праезную частку". Па версіі праваахоўнікаў, яны не рэагавалі "на шматлікія патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ".

Далей паведамляецца, што "міліцыя паспрабавала спыніць супрацьпраўныя дзеянні раварыстаў і вярнуць іх на тратуар". Аднак тыя не захацелі падпарадкавацца, а адзін з іх "кінуўся ў бойку з інспектарам ДАІ" і нават пашкодзіў яму ўніформу. Далей высвятляецца, што завадатараў бойкі ўжо шэсць чалавек. Іх затрымалі і завезлі ў Цэнтральнае РУУС для разбіральніцтва. "Іх дзеянням даецца прававая ацэнка", — так сканчаецца афіцыйнае паведамленне.

Адзначым, што ў суботу ў Мінску запланаванае афіцыйнае адкрыццё веласезону, мусіць адбыцца парад раварыстаў, з-за чаго анансаванае перакрыццё ўчасткаў праспектаў Машэрава і Пераможцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі