Дзёрзкі СММшчык Ryanair троліць незадаволеных кліентаў (гэта крыўдна і смешна)
Вы таксама лётаеце з адным заплечнікам?
"Хто-небудзь ведае, чаму "Раянэйр" не дае кішэнькі ў сядзенні?" — пытаец адзін з пасажыраў лаўкостара.
СММшчык прапануе пашукаць адсутную кішэньку ў сябе ў штанах.
Ryanair у сацсетках троліць пасажыраў, якія скардзяцца на нізкі ўзровень сэрвісу. Калі вас таксама раздражняе, што ў лаўкостарах за ўсё трэба даплачваць, гэтая падборка дзёрзкіх твітаў — для вас. З яе вы даведаецеся, што раздражняе лаўкостара ў вас!
Куды б гэта надзець?
Любімая тэма для жартаў у Ryanair і яго пасажыраў — даплаты. Вы не ведалі, але асабліва моцна "Раянэйр" раздражняюць вашыя кішэні. Таму што ў іх можна запхнуць усё! І не давядзецца даплачваць за багаж.
"Надзену гэтыя штаны, калі наступным разам палячу "Раянэйрам", — піша адзін з пасажыраў.
СММшчык пагугліў, і аказалася, што такія штаны каштуюць больш за тысячу еўра! "Сур'ёзна? Бобі, проста даплаці за багаж!"
А куды б надзець камбінезон як на фота? "Рэйс на Тэнэрыфэ", — змрочна жартуе СММшчык.
Сіняя галачка на мове Ryanair
Днямі Ілан Маск увёў абмежаванне на колькасць твітаў, якія могуць прачытаць карыстальнікі. Тыя, хто не заплаціў за сінюю галачку, былі моцна ўрэзаныя ў правах. Ім прапаноўвалі задавольвацца некалькімі сотнямі твітаў на дзень. Ryanair патлумачыў, што гэта значыць, на мове вандроўніка.
Чым кормяць на борце?
Калі лётаеце лаўкостарам — нічым. Але вы можаце заплаціць утрая больш і купіць закускі.
"Раянэйр, можна мне наступным разам бясплатны сэндвіч?”
"Вядома, гэта называецца "месца пасярэдзіне".
Рандомная рассадка — рандомныя месцы
Хочаце лётаць танна? Ахвяруйце камфортам. У авіякампаніях-лаўкостарах вас прымусяць даплачваць за ўсё. Нават за магчымасць сядзець у самалёце побач са сваім спадарожнікам.
Але многія пасажыры ў момант браніравання вырашаюць, што такая раскоша ім не патрэбная. І спадзяюцца, што змогуць памяняцца з кім-небудзь месцамі, калі будуць на борце. Але часам бортправаднікі напагатове.
"Ryanair рассадзіў нас пяцярых, бо мы не забраніравалі месцы, нягледзячы на тое, што самалёт быў напалову пусты!" — скардзяцца ў Твітары пасажыры.
"Рандомная рассадка азначае рандомныя месцы. Якое дзікунства!" — згаджаецца СММшчык.
Random allocation gave you random seats? Wild https://t.co/hs4pOxDEpf
— Ryanair (@Ryanair) June 29, 2023
Калі думаў, што за ўсё заплаціў
Часам ты аплачваеш месца ля акенца і думаеш, што будзеш сядзець ля акенца. А потым здараецца як на гэтым фота.
— Дзе маё месца ля акна? — пытае ў Твітары абураны пасажыр.
— Заплаці за багаж, які ты засунуў пад свой джэмпер, і тады пагаворым, — спакойна СММшчык.
Заўсёды на сваім месцы
Сёлета Prada выпусціла бермуды сіняга колеру, выкананыя з сіняй скуры. Так, у СММшчыка таксама ўзніклі алюзіі на колер крэслаў. І ён тут жа адрэагаваў: "Цяпер вы можаце адчуваць сябе на сваім месцы, куды б ні адправіліся".
Але ёсць і добрыя навіны
"Білеты "Раянэйр" у Мілан і Будапешт каштуюць танней, чым тэрапія ў псіхолага", — нахвальвае пасажыр.
"І менш пытанняў пра вашыя адносіны з мамай", — дадае СММшчык.
Што вы сабе дазваляеце?
Некаторыя карыстальнікі і такім пытаннем задаюцца.
"Вы смешна жартуеце. Часам. Але вы найгоршая кампанія. Заўсёды".
Хтосьці, праўда, фармулюе мякчэй:
“Бро, ты ніколі не думаў пра стэндап?”
"Бясплатнае месца, а жарты за дадатковую плату? Хм!" — адказвае СММшчык.
Так-так, нам таксама здаецца, што часам у Твітары скардзяцца на лаўкостар, толькі каб паглядзець, чым адкажа СММшчык.
Вы пішаце пра гэта так, быццам беларусы яшчэ лётаюць
Некалькі гадоў таму беларусам абяцалі, што ў краіну прыйдуць лаўкосты. Што з гэтага выйшла, вы ведаеце самі. Гэта, зрэшты, не спыняе нас — і нават у няпростым 2023 годзе многія летам выпраўляюцца ў падарожжа.
Летась спіс самых папулярных турыстычных напрамкаў узначаліла Турцыя. Некалькі краін Еўропы таксама змаглі трапіць у дзясятку. Сярод іх — Польшча, Італія, Грэцыя і Венгрыя.
І гэта не кажучы пра тое, што многія беларусы ў эміграцыі апынуліся ў гарадах, у якія лаўкостары ўжо даўно прыйшлі. Выйсця няма, даводзіцца лётаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.