Экс-сакратар выбарчай камісіі спрабуе адсудзіць 5000 рублёў у бабруйскага сайта

Экс-сакратар выбарчай камісіі спрабуе адсудзіць 5000 рублёў у бабруйскага сайта

Былая сакратарка адной з участковых камісій у Бабруйсу Юлія Фурман падала ў суд на інтэрнэт-выданне "Бобруйский курьер". Яна лічыць хлуслівым тэкст, апублікаваны сайтам падчас датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў, і спрабуе адсудзіць 5000 рублёў за маральныя пакуты.

15 лістапада "Бобруйский курьер" апублікаваў артыкул пра тое, як падчас перапынку з 14:00 да 16:00 Фурман зачынілася ў кабінеце сам-насам са скрыняй для галасавання. Назіральнікі не маглі бачыць, што там адбывалася. Яны сцвярджаюць, што праз шчаліну паміж крышкай і сценкай скрыні можна было прасунуць бюлетэні — то бок час, калі яны не маглі бачыць скрыню, мог быць скарыстаны для фальсіфікацыі. 

Экс-сакратар выбарчай камісіі спрабуе адсудзіць 5000 рублёў у бабруйскага сайта
Выбарчая скрыня са шчылінай / babruysk.by

Фурман не аспрэчвае, што яна зачынялася ў кабінеце, але сцвярджае, што мела на гэта права. Экс-сакратарка выбарчай камісіі не задаволеная тым, што з тэкста складаецца ўражанне, што яна нешта парушыла.

"Гэта хлусня. На мяне не складалі ніякіх пратаколаў, нічога не фіксавалі. Але з тэксту "Бобруйского курьера" вынікае, што я парушальніца. Гэты матэрыял перадрукавалі іншыя рэсурсы, мяне пачалі абмяркоўваць. У мяне дзіця вучыцца ў школе, гэта і на ёй можа сказацца. Мяне пачалі паласкаць паўсюль у інтэрнэце. Гэта прынесла мне маральныя пакуты", цытуе яе словы сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У тэксце "Бобруйского курьера" не сказана, што на Фурман складаўся пратакол. Галіна Смірнова, давераная асоба кандыдата Аляксандра Комара, які балатаваўся па гэтай акрузе, распавядае, што настойвала, каб міліцыю выклікалі. Але міліцыянт, які дзяжурыў на ўчастку, канстатаваў, што грамадскі парадак не парушаецца, і не стаў нічога прадпрымаць.

тым не менш, Юлія Фурман лічыць, што публікацыя не адпавядае рэчаіснасці, патрабуе абвергнуць яе і выплаціць ёй 5000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Наступнае пасяджэнне па гэтай справе адбудзецца 16 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі