Эксперт: Цярэшчанка падаў дакументы ў ЦВК, каб не быць такім, як Калякін і Лябедзька

Эксперт: Цярэшчанка падаў дакументы ў ЦВК, каб не быць такім, як Калякін і Лябедзька

7 верасня стала вядома, што дакументы ў Цэнтрвыбаркам Беларусі падалі не толькі чацвёра прэтэндэнтаў (Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і Таццяна Караткевіч), якія сабралі (паводле заявы ЦВК) 100 тысяч подпісаў, але і Віктар Цярэшчанка ды Жанна Раманоўская. Як вядома, Раманоўская здала ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі толькі... 780 подпісаў. А з 130 404 подпісаў Цярэшчанкі пасля праверкі засталося толькі... 6699.

Эксперт у галіне выбарчага права Сяргей Альфер у жывым эфіры Еўрарадыё нагадаў, што Жанна Раманоўская ад пачатку казала, што ёй і яе камандзе цікава было прайсці ўсе этапы выбарчай кампаніі, "паглядзець, што гэта такое, з кропкі гледжання піяр-працы на будучае". Зразумела, што яе не зарэгіструюць, як і Віктара Цярэшчанку, а будзе гучаць: "не зарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты", кажа эксперт.

Альфер: "А вось што тычыцца непасрэдна спадара Цярэшчанкі, мне здаецца, што вось гэта і ёсць галоўнае ў яго. Адна справа, калі не падаў дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты, як зрабілі Калякін і Лябедзька. А іншая справа, калі падаў, але не зарэгістравалі. "Калі не падаў, то будзеш такі, як апазіцыянеры Калякін і Лябедзька". А так ён зараз будзе гаварыць, што яго не зарэгістравалі, ён тут ні пры чым, ён усё зрабіў для таго, каб стаць кандыдатам у прэзідэнты, назбіраў подпісы і г. д.".

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты павінна адбыцца ў чацвер, 10 верасня, а на наступны дзень пачнецца агітацыйная кампанія.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка.


Фота: svaboda.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі