Еўрапарламент прыняў спецрэзалюцыю наконт пагроз з боку Следчага камітэта РБ

Еўрапарламент, ілюстрацыйнае фота

Еўрапарламент, ілюстрацыйнае фота

Рэзалюцыю з нагоды пагроз з боку Следчага камітэта Беларусі прынялі 3 красавіка дэпутаты Еўрапарламента.

Раней сілавікі пагражалі крымінальным пераследам тым беларусам, якія прымуць удзел у святкаванні Дня Волі за мяжой. 

У рэзалюцыі Еўрапарламента гаворыцца пра ўзмацненне ўнутраных і трансгранічных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі. Таксама згадваецца, што для абмену пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў прымушаюць ехаць на радзіму, дзе ім пагражаюць рэпрэсіі. Тым часам Следчы камітэт вядзе "спецвытворчасць" супраць сотняў актыўных беларусаў у ЕС, сем'ям беларускіх уцекачоў пагражаюць пераследам, канфіскацыяй маёмасці, калі яны возьмуць удзел у пратэстах у Дзень Волі.

Пераслед грамадзян Беларусі за іх мірную дэмакратычную дзейнасць за мяжой еўрадэпутаты расцэньваюць як "прамое парушэнне тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаў-чальцоў ЕС". Яны заклікаюць падтрымаць і абараніць беларусаў у выгнанні, у тым ліку тых, хто не можа абнавіць дакументы і зазнае экстэрытарыяльны пераслед.

Акрамя таго Еўрапарламент заклікае Міжнародны крымінальны суд "паскорыць разгляд злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі". Еўрадэпутаты прапаноўваюць увесці "супраць службовых асоб, адказных за транснацыянальныя рэпрэсіі", такія ж санкцыйныя меры, якія ўжываюцца супраць Расіі.

Еўрапарламент лічыць неабходным узмацніць палітычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў і грамадзянскіх ініцыятыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.