Гатовыя гаварыць пра змякчэнне санкцый, калі адпусцяць палітвязняў — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Офіс Святланы Ціханоўскай гатовы садзейнічаць змякчэнню санкцый, калі Аляксандр Лукашэнка пачне адпускаць палітвязняў. Пра гэта Святлана Ціханоўская расказала ў інтэрв'ю праграме "Обычное утро".

"Калі рэжым будзе гатовы да перамоваў, мы таксама гатовыя, у тым ліку і да размоў пра змякчэнне санкцый", — сказала яна. Па словах Святланы Ціханоўскай, сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі — гэта сапраўдная катастрофа. Колькі іх у краіне, нават дакладна невядома. Праваабаронцы даюць лічбу паўтары тысячы, незалежныя адвакаты кажуць пра пяць тысяч. Многія сваякі не хочуць, каб іх блізкіх прызнавалі палітвязнямі, бо асцерагаюцца наступстваў.

"Перамовы неабходныя, і я асабіста зацікаўленая ў вызваленні ўсіх палітвязняў. Перамовы, але не торг. Нам не трэба блытаць гэтыя паняцці", — падкрэсліла Святлана Ціханоўская. Але каб гэтыя перамовы пачаліся, патрэбны сігнал з боку рэжыму. Гэтым сігналам, па яе словах, магло б стаць вызваленне хаця б 300-500 чалавек.

У Ціханоўскай таксама спыталі пра наступныя палітычныя кампаніі, якія рыхтуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Што тычыцца парламентскіх выбараў 2024 года, то Офіс Ціханоўскай у цяперашні час выпрацоўвае стратэгію. “Калі рэжым усё ж такі прызначыць выбары, вядома, мы будзем выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб актывізаваць, мабілізаваць беларускае грамадства. Якім чынам, зараз абмяркоўваем", — сказала яна. Адным з варыянтаў можа стаць заклік байкатаваць кампанію.

Што тычыцца прэзідэнцкіх выбараў, якія паводле закона павінны прайсці ў 2025 годзе, то "якія наогул могуць быць прэзідэнцкія выбары, калі кандыдаты ў прэзідэнты ўсё яшчэ сядзяць у турмах", адзначыла палітык. У яе запыталі і пра яе легітымнасць пасля 2025 года.

"У 20-м годзе мы выйшлі з выбарчых цыклаў. Беларусы даверылі гэты мандат мне, каб правесці свабодныя выбары. І з задавальненнем перадам гэтую легітымнасць або мандат дэмакратычнай уладзе, як толькі яна будзе абраная. Але пакуль Лукашэнка з дапамогай тэрору ўтрымлівае ўладу, вынікі 25-года — яны не будуць прызнаныя ні беларусамі, ні на міжнароднай арэне", — сказала Святлана Ціханоўская.

Палітык таксама расказала пра аўдыт яе Офіса. Праверка пачнецца ў чэрвені, вынікі будуць апублікаваныя. Знайсці прыдатную кампанію, па яе словах, было няпроста. “І аўдытары занятыя, і мы падшуквалі фірму, не моцна дарагую але надзейную, каб правесці гэты аўдыт. Усё будзе зроблена", — паабяцала Святлана Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі