Гордзі Дуаер: Не ў маім характары сыходзіць
Галоўны трэнер хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Гордзі Дуаер не збіраецца пакідаць сваю пасаду пасля рэкорднай серыі пройгрышаў. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 29 кастрычніка, паведамляе прэс-служба клуба.
Як распавядала Еўрарадыё, у гэты дзень мінскае "Дынама" дома прайграла хабараўскаму "Амуру". Такім чынам рэкордная пройгрышная серыя каманды склала 11 матчаў.
Падводзячы вынікі гэтай сустрэчы, Дуаер заявіў, што камандзе патрэбныя новыя хакеісты: "Калі мы хочам зменаў, то ў складзе патрэбныя новыя асобы. Неабходная канкурэнцыя, глыбіня складу". Ён дадаў, што працягне працаваць з цяперашнімі гульцамі, але будзе шукаць узмацнення каманды.
Разам з тым галоўны трэнер падкрэсліў, што не збіраецца пакідаць сваю пасаду: "Не ў маім характары сыходзіць. Я захоўваю пазітыў і стараюся зрабіць усё, каб падрыхтаваць каманду найлепшым чынам".
Адказнасць за пройгрышную серыю "зуброў" Дуаер усклаў на ўвесь клуб: "Лічу, што адказнасць ляжыць на ўсіх: гульцах, трэнерах, менеджменце. Такая рэальнасць. Калі каманда апынулася не здольная пастаянна дамагацца поспеху, то да кожнага ў роўнай ступені ёсць пытанні. Мы разам перамагаем і прайграем".