Хто адказвае за білборд, павалены ветрам у цэнтры Мінска?
16 ліпеня ў раёне плошчы Перамогі ў Мінску вецер ураніў на зямлю вялізны білборд з сацыяльнай рэкламай. Гэта даволі люднае месца, але ў той час ішоў моцны дождж, і пры здарэнні ніхто не пацярпеў.
Здымкі рэкламнага шчыта, што літаральна накрыў уваход у падземны пераход, апублікаваў у тэлеграм-канале “Матолька, дапамажы!” блогер Антон Матолька. На іх бачна, што білборд быў не ўкапаны ў зямлю, а прымацаваны наўпрост да пліткі. Як метафарычна заўважаюць у сацсетках, “пасаджаны на клей”.
Да наступнай раніцы павалены білборд прыбралі, але сляды падзення засталіся: ён адбіў некалькі кавалкаў ад каменнага парапета. Зусім побач, праз дарогу, усталяваны такі ж рэкламны шчыт. Акрамя “клею”, яго трымаюць на месцы невялікія пруткі арматуры па перыметры.
Якая будучыня чакае гэты рэкламны шчыт, калі ў Мінск прыйдзе наступная залева, уявіць нескладана. Але ў кампаніі BigBord, якая займалася яго ўстаноўкай, захоўваюць алімпійскі спакой.
— Гэта непрадказальна. Вы самі разумееце, дрэвы падаюць, усё што заўгодна, у сувязі з умовамі надвор'я. Ніхто ад гэтага не застрахаваны! Усе канструкцыі ўсталяваныя як мае быць. Проста неспрыяльныя ўмовы надвор’я, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца кампаніі. Яна не хоча звязваць нас з кіраўніком, таму што ён адмаўляецца ад каментарыяў.
— Чаму тады адзін білборд упаў, а іншы — не? — перапытваем мы.
— А чаму адно дрэва падае, а іншае не? Вы можаце адказаць на гэтае пытанне? — адказваюць устаноўшчыкі білборда.
У камітэце па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама распавядаюць, што займаюцца толькі выдзяленнем месцаў для білбордаў, а таксама глядзяць, каб яны ўпісваліся ў гарадскі ландшафт.
“За канструктыўную і тэхнічную спраўнасць канструкцыі, згодна з заканадаўствам аб рэкламе, нясе адказнасць уласнік канструкцыі. Каб даведацца, чаму ён упаў, трэба рабіць экспертызу”, — распавядаюць у камітэце.
Дарэчы, пра дрэвы згадалі і тут. У адказ на пытанне, што будзе з білбордам, які стаіць на іншым баку дарогі: “Калі адно дрэва падае, гэта ж не значыць, што трэба пілаваць іншыя”.
Чаму адно дрэва падае, а іншае не — гэта філасофскае пытанне. Білборд нікога не забіў — пашанцавала. І мы можам працягваць задаваць пытанні. Чаму адны прадпрымальнікі і чыноўнікі трапляюць за краты, а іншыя — не?
У нас і адказ ужо гатовы: “У сувязі з умовамі надвор'я. Ніхто ад гэтага не застрахаваны!”.