Інкасатараў у Беларусі хочуць задзейнічаць у контртэрарыстычных аперацыях
Інкасатары
Інкасатараў у Беларусі змогуць прыцягваць да выканання задач у зоне контртэрарыстычнай аперацыі. Гэта прадугледжваецца ў абноўленым законе па пытаннях барацьбы з тэрарызмам. Папраўкі ў гэты закон дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў чацвер адразу ў першым і другім чытаннях, паведамілі ў прэс-службе ніжняй палаты беларускага парламента.
Паводле паправак, службы інкасацыі могуць прыцягвацца "да аховы аб'ектаў, суправаджэння і забеспячэння бяспекі фізічных асоб і транспартных сродкаў у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі". На час удзелу ў гэтай аперацыі інкасатары атрымліваюць права на "прымяненне фізічнай сілы, прымяненне і выкарыстанне зброі ў парадку і на ўмовах, вызначаных для работнікаў ваенізаванай аховы".
Папраўкі таксама прадугледжваюць, што каардынаваць дзейнасць суб'ектаў, якія змагаюцца з тэрарызмам, а таксама іншых дзяржорганаў будзе Камітэт дзяржбяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.