Каліновец трапіў у палон. Ён змагаўся за захаванне памяці пра ваеннапалонных
Днямі ў лагер для савецкіх ваеннапалонных у Мінску на экскурсію прыходзілі сувораўцы. Прыкладна ў гэты ж час да маці ваеннапалоннага Сяргея Дзёгцева прыходзілі журналісты аднаго з беларускіх тэлеканалаў.
Яны маглі б зняць сюжэт пра тое, што экскурсіі сувораўцаў у лагер у Масюкоўшчыне магчымыя менавіта дзякуючы Сяргею. Дзёгцеў быў адным з тых актывістаў, якія баранілі корпусы Шталага-352 ад бульдозераў, калі яшчэ мало хто ў Мінску ведаў яго гісторыю.
Беларуская прапаганда здымае пра Сяргея іншы сюжэт. А Еўрарадыё раскажа гісторыю чалавека, які змагаўся за захаванне памяці пра савецкіх ваеннапалонных — і сам стаў ваеннапалонным.
“Я веру, што гэтае супадзенне невыпадковае”
У батальёне “Волат” палка Каліноўскага Сяргея Дзёгцева ведаюць пад пазыўным “Клешч”. Сяргей — адзін з двух беларускіх добраахвотнікаў, якія трапілі ў палон пад Лісічанскам. А ў Мінску Сяргея ведаюць як актывіста руху “Зберажом Масюкоўшчыну”.
— Калі Сяргей трапіў у палон, мне напісалі: твайму сябру пашанцавала. Ён мог быць забіты, — расказыве адзін з сяброў групы “Зберажом Масюкоўшчыну”. — Сяргей зберагаў памяць пра савецкіх ваеннапалонных і сам трапіў у палон. Я веру, што гэтае супадзенне невыпадковае. Што лёс так вядзе Сяргея, каб у нас не было шанцаў не заўважыць, што адбываецца.
Наш суразмоўнік, як і сам Сяргей з дзяцінства жыў у Масюкоўшчыне. З дзяцінства ён ведаў, што раён мае цікавую гісторыю. Але пра тое, што на тэрыторыі раёна захавалася ажно пяць будынкаў былога канцэнтрацыйнага лагера для савецкіх ваеннапалонных, даведаліся значна пазней.
— Грунтоўную інфармацыю, якая канкрэтна апісвае гістарычныя будынкі Шталага — гэта значыць Stammlager, то-бок “галоўны лагер” — было цяжка знайсці. Ніхто пра гэта не пісаў. Толькі ў 2009 годзе краязнаўца Алег Усачоў, які шмат гадоў даследаваў гэтую тэрыторыю, пачаў распавядаць пра будынкі, што засталіся ад канцлагера.
Па дадзеных нашых гісторыкаў, тут загінулі каля 80 тысяч чалавек. У Бухенвальдзе — 56 тысяч. На месцы Бухенвальду — мемарыял. На месцы Шталага ў Масюкоўшчыне — руіны.
А яшчэ праз 10 гадоў, у 2019-м, раён пачалі забудоўваць. Старыя ваенныя часці на яго тэрыторыі пачалі зносіць. Актывісты пачалі біць трывогу. Звязаліся з Алегам Усачовым, папрасілі падзяліцца інфармацыяй пра Шталаг.
— На аснове гэтай інфармацыі мы склалі тэкст петыцыі за захаванне Шталага і пачалі сваю кампанію па інфармаванні насельніцтва. У гэты ж момант улады знеслі адзін з будынкаў — аднапавярховую казарму 30-х гадоў пабудовы. Іх засталося пяць.
На руіны казармы выехалі пошукавікі. Тут знайшлі шмат бэлек з надпісамі, якія пакідалі ваеннапалонныя. Частку ўдалося захаваць, але вялікая колькасць была вывезеная на сметнік. Большасць гэтых надпісаў 1942 года можна пераказаць чатырма словамі: “У палоне было кепска”. Але кепска было настолькі, што напісаныя яны простым расійскім матам.
Гэтыя словы, асабістыя звесткі палонных — хто яны, адкуль, як трапілі ў палон, — выдрапаныя на сценах, — шмат што з гэтага патрапіла на сметніцу.
“Нават улады заўважылі сваю крывадушнасць”
У 2019-м актывісты ўзяліся за працу. У чалавека, які трапляў на тэрыторыю былога Шталага, ужо не заставалася шанцаў не зразумець, што гэта за месца. Паўсюль былі плакаты, спасылкі на інфармацыйны рэсурс пра лагер. ЖЭС замазваў надпісы, зрываў плакаты, рабіў “чыста”. Карацей, змагаўся з актывістамі, а актывісты — з недасведчанасцю мясцовых жыхароў.
Сам Сяргей Дзёгцеў быў адказны за інфармаванне людзей і арганізацыю суботнікаў. Ішло цяжка: у раёне жыве некалькі тысяч чалавек, але пад петыцыяй падпісаліся толькі некалькі сотняў.
— Аднойчы, калі бульдозеры прыехалі разбураць старыя склады ваенных часцей, Сяргей тэлефанаваў ажно пасярод ночы і біў трывогу. Яны маглі зачапіць гістарычныя будынкі. І мы пасярод ночы выбягалі і сачылі, ці ацалелі гэтыя будынкі.
З людзьмі працаваць таксама было даволі цяжка. Людзі не давяралі валанцёрам, не надта хацелі штосьці рабіць. На той момант грамадства знаходзілася ў сне, не верыла ва ўласныя сілы, не верыла, што гэтую тэрыторыю могуць прызнаць каштоўнай. Шмат гадзін сыходзіла на тое, каб людзям патлумачыць, угаварыць паглядзець на фотаздымкі, на дакументы.
Але калі ў 2019 года мы пачалі актыўна інфармаваць пра лагер, нават улады заўважылі сваю крывадушнасць. І да ініцыятывы далучыліся розныя людзі.
Напрыклад, дэпутатка, якая цяпер прапанавала ўвесці закон аб расстрэле за намер тэракта, казала тады, што возьме справу Шталага пад свой кантроль.
Усё гэта адбывалася яшчэ да падзей 2020 года. А калі пачалася электаральная кампанія, калі сталі актыўнымі дваровыя чаты, з іх дапамогай пачалі арганізоўваць экскурсіі па тэрыторыі Шталага. І ў гэтым таксама актыўна дапамагаў Сяргей Дзёгцеў.
“Што ратуе жыццё ваеннапалоннага? Цуды”
У тыя дні лагер у Масюкоўшчыне наведаў Барыс Папоў. Ён быў адным з першых, хто даў бой немцам у 41-м. Папова назначылі механікам-кіроўцам танка. Бензін у танка скончыўся 30 чэрвеня. Ад палка тады засталося 10 чалавек. Пяць дзён пешшу яны ішлі па дарогах, якія бамбіла нямецкая авіяцыя. Але дайшлі да Мінска.
І 5 ліпеня, калі Мінск ужо быў захоплены, Барыс Папоў сустрэўся з немцамі. Ён стаў адным з першым, хто трапіў у Шталаг у Масюкоўшчыне.
Барыс Папоў усё жыццё пражыў у Мінску, але больш за 80 гадоў ён не вяртаўся на гэтае месца. Пасведчанне ветэрана вайны ён атрымаў толькі ў 1975 годзе.
— Лёс савецкіх ваеннапалонных быў найцяжэйшы. Перамога ў вайне не прынесла для іх свабоду. Яны праходзілі фільтрацыю, шмат хто працягваў несці крыж ужо ў савецкіх лагерах як здраднік. А некаторыя, хто ўсё ж апынуўся на волі, меў абмежаванні ў грамадскім жыцці.
Ваеннапалонныя ўсё жыццё ішлі з гэтым кляймом. Згадка пра палон адзначалася ў асабістых справах. Дагэтуль нашае грамадства не надта здолела асэнсаваць тэму ваеннапалонных. Доўгі час яна была табуяванай.
Лагер у Масюкоўшчыне — гэта сімвал сустрэчы двух рэжымаў, савецкага і нацысцкага.
Барыс Папоў напісаў кнігу пра гады, якія правёў у лагеры. У гэтай кнізе ён расказваў, што выратавала яго жыццё.
— Што гэта было?
— Цуды. Людзі сапраўды казалі, што здараліся цуды. Жэнеўскай канвенцыі пра ваеннапалонных тады яшчэ не было. Людзей забівалі кожны дзень. Людзей забівалі проста так. Ці выжывеш ты, залежала ад асабістага стаўлення канваіраў і ад паводзін самога ваеннапалоннага. Любая дробязь магла ці захаваць жыццё, ці знішчыць яго. Здаецца, сітуацыя асабліва не змянілася. Па-ранейшаму любая дробязь можа захаваць жыццё.
І мы спадзяёмся, што той факт, што Сяргей займаўся такой важнай справай, змагаўся за тое, каб памяць пра ваеннапалонных была абароненая, дапаможа зберагчы яго жыццё.
Сяргей чытаў кнігі, у якіх ваеннапалонныя распавядалі пра тое, што іх ратавала. І лёс складваецца так, што ён мусіць згадаць пра людзей, якія праходзілі нацысцкія канцлагеры, каб самому прайсці праз той палон, у якім ён цяпер знаходзіцца.
“Гэта ў Мінску, а не ў Кіеве, мог знікнуць пад бульдозерамі гістарычны комплекс”
Пасля таго, як у медыя выйшлі інтэрв’ю з Барысам Паповым, пасля таго, як петыцыя была ўхваленая, цікаўнасць да масюкоўшчынскага лагера з боку афіцыйных уладаў і турыстычных фірмаў узрасла. Пачалі ладзіцца экскурсіі. Магчыма, дзякуючы гэтаму дагэтуль лагер не разбураны, кажа наш суразмоўнік.
— Сяргей спрычыніўся да пачатку мясцовай грамадскай ініцыятывы, якая прыцягнула ўвагу абсалютна розных людзей і ініцыятываў, якія займаюцца гэтай тэмай прафесіянальна і сёння. І ў тым — заслуга Сяргея, які клеіў плакаты, праводзіў суботнікі, пераконваў людзей.
Нашая ініцыятыва не мае палітычнай афарбоўкі, асноўнай мэтай было захаванне гістарычнага комплексу. Таму ў гэтай ініцыятыве і аб’ядналіся людзі розных поглядаў і прафесій. Але з пачаткам вайны мы прама аб’явілі, каго лічым агрэсарам.
Калі Расія ўварвалася ва Украіну, мы не ведалі, дзе знаходзіцца Сяргей.
Не ведала і яго маці. Адзінае, чаго Сяргей не хаваў, — ён у Кіеве.
Там, у Кіеве, ён наведаў Дарніцкі Шталаг — аналагічны масюкоўшчынскаму лагер для ваеннапалонных. Даслаў здымкі аднадумцам.
— У адрозненне ад нашага мінскага лагера кіеўскі Шталаг не мае будынка. Гэта лясная тэрыторыя, азначаная помнікамі. Ён захоўваецца, шануецца. І гэта руйнуе міфы прапаганды пра тое, што ва Украіне забыліся на памяць пра вайну. Якраз наадварот. Гэта ў Мінску, а не ў Кіеве, мог знікнуць пад бульдозерамі гістарычны комплекс.
Мы молімся, каб Сяргей выжыў. І каб ужо ў свабоднай краіне ён праводзіў экскурсіі і распавядаў і пра той палон, пра які мы ведаем, дзякуючы рукапісам таго часу, і пра той страшны досвед, які ён атрымлівае цяпер.
Ці можна завітаць на экскурсію ў Масюкоўшчыну?
Раней прафесійныя экскурсіі на тэрыторыю Шталага праводзіў “Белагратрэвел”. Але, на жаль, сёння запісацца на экскурсію карэспандэнты Еўрарадыё не змаглі. Туры ў лагер прыпыненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.