Каля мяжы з Украінай пачаўся пажар на балоце ў заказніку "Званец"

Пажар на балоце ў заказніку "Званец"

Пажар на балоце ў заказніку "Званец" / Мінлясгас

Незвычайна цёплая зіма прынесла ў Беларусь першы пажар у экасістэме сёлета.

Увечары 28 студзеня ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці пачаўся пажар на балоце на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Званец". Багністая мясцовасць загарэлася каля вёскі Ражное, паведамляе прэс-служба Мінлясгасу.

"Тушэнне пажару абцяжарана адсутнасцю пад'язных шляхоў і забалочанай мясцовасцю. Пагрозы населеным пунктам няма", — заявілі ў ведамстве. Таксама ў міністэрстве ўдакладнілі, што пажар здарыўся за два-тры кіламетры ад лесу.

Заказнік "Званец" размяшчаецца на тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў, недалёка ад мяжы з Украінай. Яго плошча заказніка кладае 16 227 га. "Званец" мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскай тэрыторыі) і тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак. Там пражываюць віды птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявая чаротаўка (самая буйная папуляцыя ў Еўропе), вялікі арлец і драч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі