Каму ў Беларусі жыць за*бісь? Іранічны тэкст дня ад Паўла Горбача

Пратэстоўцы ля будынка КДБ у Мінску / Еўрарадыё
Пратэстоўцы ля будынка КДБ у Мінску / Еўрарадыё

Журналіст Павел Горбач апублікаваў у твітары трэд пра тое, каму ў Беларусі жыць харашо. Дакладней, за*бісь. Тэкст зачапіў нас. У ім каротка, ёміста і па-мастацку іранічна адлюстраваны страшны кампраміс з самімі сабой, на які вымушаныя ісці беларусы.

Публікуем яго без зменаў.

Жыць у Беларусі за*бісь. Тым хто, маўчаў, тым, хто не засвяціўся, тым, чые родныя не сядзяць, etc. За*бісь быць айцішнікам-неадназначнікам, міліцыянерам/прапагандыстам/функцыянерам. Калі не какаў у ачко пару тыдняў за вершы ў двары, калі не плаціў 500 баксаў КДБ за стары данат.

І калі мо і хадзіў па праезнай частцы (што прыраўноўваецца да ўступлення ў Аль-Каіду), але не фоткаўся і дагэтуль не прыйшлі. Калі на "хатняй хіміі" прыходзяць ноччу не да тваіх сяброў. Калі бацька ў райцэнтры падпалкоўнік. Калі выдаліў усё-ўсё, і нават з галавы.

Калі на працы ўсе свае. І калі родзічы з Германіі далі запрашэнне, а ты па ім "Шэнген" на 5 гадоў у кішэню паклаў. Калі тэлеграм-канал пра архітэктуру не вёў. Калі ты супраць усіх. І калі за аднаго. За*бісь.

За*бісь, калі слова "палітыка" у галаве забанена. І ты слухаеш бабку, якая гадамі кажа "маўчы, будзь разумным". Бабка і НКУС, і партызан, і мадзьяраў у акупацыю перажыла. І канфіскацыю маёмасці, бо бацьку ў 1946 забралі. І працу на будоўлі дзеля пашпарту. Маўчыш — і ўсё за*бісь.

За*бісь, калі ты толькі па дакументах ёсць, а так дык цябе і не відаць. Ні фотак, ні каментаў, ні лайкаў на Лабаду. Шашлыкі каля рэчкі, лецішча з кабачкамі, бульбу ў вёсцы пасадзіць. За*бісь.

Добра, калі не здагадваешся, чаму ў Цэнтросе [універсам "Цэнтральны" ў Мінску. — Еўрарадыё] кучкуюцца смугла-барадатыя людзі, і чаму цэны былі ўпалі, а потым зноў выраслі, і адкуль сыр з пальмавага масла, і чаму ў Егіпет ляцець 333 гадзіны. І чаму некаторыя экскурсіі добрыя, а іншыя — экстрэмізм.

За*бісь, калі можаш казаць, што думаеш, і нічога табе за гэта не будзе. І не трэба чысціць гісторыі ўсіх прыкладанняў і нават аплікацый. І калі ў дзверы звоняць — не страшна. І бусікі не страшна. І наогул, калі не страшна — за*бісь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі