Кандыдатка ў амбасадары ЗША лічыць прыпыненне санкцыяў карысным на гэты момант
На слуханнях сенацкага камітэта замежных спраў выступіла кандыдатка на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі Джулі Фішар.
Яна заявіла, што хоча займацца ўмацаваннем двухбаковых адносін паміж ЗША і Беларуссю, а таксама падтрымліваць намаганні нашай краіны па абароне суверэнітэту і незалежнасці перад беспрэцэдэнтным палітычым ціскам, паведамляецца на сайце камітэта.
Перспектыўнымі сферамі супрацы з афіцыйным Мінскам Фішар назвала прадпрымальніцтва і гандаль. Яна згадала, што Беларусь закупіла ў ЗША 600 тысяч барэляў нафты, і на падыходзе наступная партыя. На думку дыпламаткі, гэтыя пастаўкі дапамогуць Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы энерганосьбітаў. Фішар хоча стварыць у Мінску Амерыканскую гандлёвую палату, а ў Вашынгтоне — бізнес-раду, якая засяродзіць сваю ўвагу на Беларусі.
У палітычнай сферы адносін між ЗША і Беларуссю Фішар назвала самым важным, каб беларускія ўлады не зрабілі крокі назад у параўнанні з цяперашняй сітуацыяй. Яна адзначыла значнасць прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і паведаміла, што на іх не будзе міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ і Савета Еўропы. Пры гэтым дыпламатка дадала, што ў Беларусі ёсць моцны рух за сумленныя выбары, арганізаваны самімі грамадзянамі.
Фішар падкрэсліла, што згодная з палажэннямі "Акта аб дэмакратыі ў Беларусі". Аднак яна лічыць неабходным асцярожны падыход да санкцый. І прыпыненне санкцый яна назвала карысным на гэты момант.
Як паведамлялася раней, сёлета Беларусь і ЗША дамовіліся аднавіць прадстаўніцтвы на ўзроўні амбасадараў. Скарачэнне штатаў у дыпламатычных прадстаўніцтвах адбылося ў 2008 годзе з ініцыятывы беларускага боку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.