Капскі патлумачыў, чаму не звольніў трэнера БАТЭ пасля паразы ад "Дандалка"

Капскі патлумачыў, чаму не звольніў трэнера БАТЭ пасля паразы ад "Дандалка"

Кіраўнік футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі ў інтэрв'ю сайту by.tribuna.com распавёў пра сваё ўражанне ад апошняй паразы барысаўчан.

Нагадаем, што ў гасцявым матчы з ірладнскім "Дандалкам" барысаўскія футбалісты прайгралі з лікам 0:3. Гэта быў матч трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Пасля гэтай гульні ірландцы выйшлі ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, а БАТЭ — у плэй-оф Лігі Еўропы.  

Па словах Капскага, ён кожны дзень размаўляе з галоўным трэнерам каманды Аляксандрам Ермаковічам. І гутарка пасля пройгрышу ў Ірландыі таксама была. Аднак раскрываць яе змест кіраўнік БАТЭ адмовіўся.

Капскі параўнаў гэты пройгрыш з сітуацыяй 2013 года, калі БАТЭ прайграў карагандзінскаму "Шахцёру" ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў і выбыў з еўракубкаў: "У 2013-м годзе я ўзяў усю віну на сябе. Тады мне здавалася, што гэта ўрок на ўсё жыццё. Аднак у свядомасці футбалістаў і трэнераў не змянілася нічога. Пацвердзіўся вядомы закон. Калі ты з голым азадкам збіраешся чагосьці дамагацца — гэта адна матывацыя, а калі жывеш трохі сыцей, матывацыя становіцца іншай, меркантыльнай, заточанай на сваё прыватнае жыццё".

Дарэчы, пасля паразы ў Карагандзе ў адстаўку пайшоў славуты трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. Аднак адстаўкі цяперашняга трэнера пасля паразы ад "Дандалка" не плануецца.

"Ганчарэнка прайграў у 2-м кваліфікацыйным раўндзе, тады для нас еўракубкі скончыліся. Сёння ў нас наперадзе літаральна праз пару тыдняў Ліга Еўропы. На сённяшні дзень я не бачу альтэрнатывы Ермаковічу на пасадзе галоўнага трэнера", — патлумачыў сваю пазіцыю Капскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі