Караткевіч не хоча віншаваць Лукашэнку з перамогай
Паслявыбарчая прэс-канферэнцыя экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч праходзіць у рэстаране на плошчы Незалежнасці. Пачынаецца з невялікім спазненнем, пачатковыя словы Караткевіч чытае з паперкі — відаць што стамілася за час кампаніі. Прамаўляе упэўнена і, падаецца, з палёгкай. Асноўны мэсідж — “мы змаглі атрымаць падтрымку ад 20 да 30% грамадства” і “цяпер пачынаем наступны этап”.
Караткевіч амаль адразу заяўляе, што збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты. “Мы будзем рабіць усё, каб ад словаў улада перайшла да справы”, — гаворыць Караткевіч.
Афіцыйных вынікаў выбараў Караткевіч не прызнае і таму, адпаведна, віншаваць Лукашэнку з перамогай не хоча. Хаця і гаворыць, што “за Лукашэнку на гэтых выбарах прагаласавала больш людзей, чым за мяне”.
“Гэтыя выбары сталі пачаткам мірных перамен. Я гатовая ісці наперад… Гэта першая прэс-канферэнцыя маёй новай выбарчай кампаніі”, — гаворыць Караткевіч журналістам.
“Я сабрала ад 10 да 30% на розных участках”, — перакананая экс-кандыдатка. “Мы збярэм усе заўвагі, усю інфармацыю аб парушэннях і пададзім гэта ў Вярхоўны суд”, — кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў настроены ваяўніча.
“Самай галоўнай памылкай гэтай кампаніі было тое, што мы доўга чакалі адзінага кандыдата і не рашаліся зрабіць гэты крок (самастойнае вылучэнне Караткевіч — Еўрарадыё). Гэта самае галоўнае. Позні старт”, — лічыць былая кандыдатка ў прэзідэнты.