Кавалеўскі: заклікаем краіны ЕС не дапамагаць рэжыму ізаляваць беларускі народ
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных адносінах Валерый Кавалеўскі пракаментаваў заклік Сейма Латвіі да Еўрасаюза прыпыніць выдачу віз не толькі грамадзянам РФ, але і Беларусі. На яго думку, гэта "пераносіць цяжар адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны з Аляксандра Лукашэнкі і яго дыктатарскага рэжыму на беларускі народ, абсалютная большасць якога выступае супраць гэтай вайны і з'яўляецца аб'ектам рэпрэсій ужо трэці год". "Заклікаем краіны Еўрасаюза не дапамагаць рэжыму ізаляваць беларускі народ ад еўрапейскіх каштоўнасцяў і не пакідаць яго сам-насам з агрэсіўнай Расіяй", — піша Кавалеўскі.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных адносінах перакананы, што "у гэтых умовах адпаведным кантэксту рашэннем выглядала б пашырэнне магчымасцяў для беларусаў атрымліваць шэнгенскія і нацыянальныя візы краінаў ЕС дзеля кантактаў паміж людзьмі, адукацыйнага і культурнага абмену". Валерый Кавалеўскі абяцае, што працягнецца праца над тым, "каб не дапусціць абмежавальных захадаў супраць беларусаў у ЕС і ў іншых краінах і каб аптымізаваць дзейныя працэдуры атрымання віз".
Пра тое, што латвійскі парламент прапанаваў краінам Еўрасаюза неадкладна прыпыніць выдачу, дзеянне турыстычных і ўязных віз для грамадзян Беларусі і Расіі, стала вядома ў чацвер. А напярэдадні міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс заявіў, што Беларусь "нельга ўспрымаць як суверэнную дзяржаву".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.