Кіеў заклікае Мінск адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы Украіны

У жніўні ў Гомельскую вобласць перакінулі па чыгунцы бронетэхніку

У жніўні ў Гомельскую вобласць перакінулі па чыгунцы бронетэхніку / t.me/modmilby/

Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай наконт сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы. У ёй адзначаецца, што "Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў засяроджваюць значную колькасць асабістага складу, у прыватнасці Сіл спецыяльных аперацый, узбраення і ваеннай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА [рэактыўныя сістэмы залпавага агню], сродкі СПА [супрацьпаветранай абароны] і інжынерную тэхніку, у Гомельскай вобласці паблізу паўночных межаў Украіны". Там жа "зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК "Вагнер".

Украінскае знешнепалітычнае ведамства заяўляе, што "правядзенне вучэнняў у памежнай паласе і непасрэднай блізкасці да аб'екта атамнай энергетыкі, Чарнобыльскай АЭС, стварае пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы ў цэлым". "Заклікаем службовых асоб Рэспублікі Беларусь не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы, а яе ўзброеныя сілы — спыніць недружалюбныя дзеянні і адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы Украіны на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння існуючых у РБ сістэм агню", — гаворыцца ў заяве. Падкрэсліваецца, што "Украіна ніколі не рабіла і не збіраецца прадпрымаць ніякіх недружалюбных дзеянняў супраць беларускага народа".

МЗС Украіны папярэджвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі пра магчымыя наступствы: "Перасцерагаем, што ў выпадку парушэння дзяржаўнай мяжы Украіны з боку Беларусі, наша дзяржава прыме ўсе неабходныя меры ў парадку рэалізацыі гарантаванага Статутам ААН права на самаабарону. Пры гэтым усе канцэнтрацыі войскаў, ваенныя аб'екты і шляхі забеспячэння на тэрыторыі Беларусі будуць законнымі мэтамі для Узброеных сіл Украіны".

Раней у Мінску заяўлялі, што "групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках" узмацняюцца "з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі