Кітайскія студэнты прыкідваюцца птушкамі, а "Скала" трапіў на грошы — #ІхНоравы
Нават мільянеры трапляюць на грошы
Зорка блакбастараў Дуэйн "Скала" Джонсан вінен 6 млн долараў амерыканскім вайскоўцам. На фоне фінансавых падзенняў еўра ўмацаваў пазіцыі як бяспечная валюта. Алімпіяда не дапамагае французскім рэстаратарам зарабіць. Кітайскія студэнты прыкідваюцца птушкамі, рэагуючы на беспрацоўе.
Еўрарадыё працягвае паказваць, чым жыве свет акрамя войнаў і крызісаў.
Кітайскія студэнты змагаюцца са стрэсам, прыкідваючыся птушкамі
Ва ўмовах запавольвання эканомікі Кітая, высокага кошту жыцця і росту беспрацоўя сярод моладзі кітайскія студэнты знаходзяць новы спосаб даць рады грамадскаму ціску — яны прыкідваюцца птушкамі. The Guardian піша, што гэтая тэндэнцыя цяпер актыўна распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках Кітая.
Імітацыя птушак заключаецца ў тым, каб надзець вялікую футболку, дастаць рукі з рукавоў і зрабіць выгляд, быццам сядзіш на жэрдцы. Студэнты фатаграфуюцца ў такім выглядзе і публікуюць здымкі з адпаведнымі подпісамі. "Птушкі могуць свабодна лётаць у небе", — кажа 20-гадовы студэнт фінансаў з Шанхая Ван Вэйхан, седзячы на сваім ложку ў інтэрнаце.
Эксперт па кітайскім грамадстве прафесар Сян Бяа лічыць, што многія маладыя людзі ў Кітаі расчараваныя: "У іх былі высокія чаканні ад сябе, ад Кітая і ад свету ў цэлым. Пасля заканчэння каледжа яны не могуць працаўладкавацца і задаюцца пытаннямі: "Навошта я так старанна вучыўся? Для чаго? Я ахвяраваў такой колькасцю радасці і шчасця ў маладосці".
Еўра па-ранейшаму лічыцца бяспечным актывам
На фоне падзення глабальных біржаў еўра ў мінулы панядзелак дасягнуў курсу 1,1 долара ЗША, і гэта яго найвышэйшы ўзровень са студзеня 2024 года.
У аўторак курс адкаціўся да 1,09. Як піша Euronews, гэтая дынаміка сведчыць пра настроі на сусветных рынках. Ва ўмовах высокай рызыкі інвестары аддалі перавагу еўра.
Еўравалюта зноў зацвердзілася як бяспечны актыў дзякуючы сваёй ліквіднасці, статусу асноўнай рэзервовай валюты, буйной эканоміцы еўразоны і стабільнай палітыцы Еўрапейскага цэнтральнага банка (ЕЦБ).
Нягледзячы на негатыўны ўплыў вайны ва Украіне і палітычных узрушэнняў, еўразона застаецца важным гульцом у сусветнай эканоміцы.
Дуэйн "Скала" Джонсан вінен арміі ЗША 6 млн долараў
Амерыканскія вайскоўцы сутыкнулася з сур'ёзным крызісам — ім не хапае добраахвотнікаў, якія хацелі б уступіць у розныя яе падраздзяленні.
Каб вырашыць гэтую праблему, запатрабаваны акцёр і легенда рэстлінгу Дуэйн "Скала" Джонсан заключыў кантракт на 11 млн долараў з сілавікамі для правядзення медыякампаніі па павелічэнні набору. Аднак у яго нічога не выйшла.
Джонсан мусіў размясціць пяць рэкламных пастоў у сваіх сацыяльных сетках, кожны з якіх ацэньваўся ў 1 мільён. Аднак ён апублікаваў толькі два, што не задаволіла заказчыкаў, і яны не атрымалі ніводнага новага рэкрута.
На гэты момант армія спрабуе вярнуць 6 мільёнаў з укладзеных сродкаў. Паводле звестак Marca.com, афіцыйныя асобы выказваюць заклапочанасць з нагоды гэтага партнёрства.
Алімпіяда пакуль не дапамагла парыжскім рэстаранам зарабіць
Нягледзячы на наплыў турыстаў, рэстараны Парыжа сутыкаюцца з цяжкасцямі праз узмоцненыя меры бяспекі падчас Алімпійскіх гульняў. Як піша Euronews, мноства ўстаноў, размешчаных побач з пляцоўкамі спаборніцтваў, па-ранейшаму адчувае спад наведвальнасці, які дасягнуў 60% у чэрвені і ліпені.
Многія ўстановы вымушаныя закрываць свае тэрасы праз абмежаванні, што прывяло да значных страт.
Тым не менш уладальнікі рэстаранаў застаюцца аптымістамі, спадзеючыся на паляпшэнне сітуацыі з пачаткам Паралімпійскіх гульняў і на доўгатэрміновыя выгады ад глабальнай рэкламы, якую Парыж атрымаў дзякуючы Алімпіядзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.