Куды несці грыбы, ягады і лішкі ўраджаю і колькі можна на гэтым зарабіць

На рынку 

На рынку  / DELFI

"Ці праўда, што ў Беларусі можна зарабіць на лішках ураджаю?”

Пытанне слухачкі Еўрарадыё прывяло нас у Белкаапсаюз. За восем месяцаў гэтага года арганізацыя выплаціла насельніцтву больш за 215 мільёнаў рублёў за здадзеную прадукцыю і працягвае прымаць ад беларусаў гародніну, садавіну, грыбы і ягады.

Паводле начальніцы ўпраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксаны Скіндэр, сёння ў краіне працуе каля 800 нарыхтоўчых пунктаў, куды можна прывезці сваю прадукцыю і зарабіць на здачы.

Галоўнае пытанне — у якую суму ацэньвае дзяржава працу дачнікаў і збіральнікаў грыбоў і ягад?

Вось некаторыя цэны з разліку за адзін кілаграм:

бульба — 30–60 кап.; 
агуркі — 1 руб. 10 кап. — 1 руб. 60 кап.;
памідоры — 60 кап. — 1 руб. 10 кап.;
капуста — 50–70 кап.; 
буракі — 40–60 кап.,
морква — 45–90 кап.;
рэпчаты лук — 65 кап. — 1 руб. 60 кап.;
часнок — 3 руб. — 5 руб. 50 кап.;
яблыкі для прамперапрацоўкі — 8–23 кап. (грунтуючыся на прыёмных цэнах перапрацоўчых прадпрыемстваў); 
таварныя яблыкі — 1–2 руб.; 
сліва і алыча — 2 руб.; 
маліны — 3 руб.; 
брусніцы — 2 руб. 50 кап — 3 руб.; 
лісічкі — 3-7 руб.; 
кавуны — 1 руб. — 1 руб. 20 кап.

Такія цэны арганізацыя прыводзіць па стане на 8 верасня. У залежнасці ад сезону і агульнай ураджайнасці цэны могуць мяняцца.

Куда нести грибы, ягоды и излишки урожая и сколько можно на этом заработать
Ураджай / pixabay.com

Асцярожней са зборам журавін — можа быць радыяцыя

ААТ "Палескія журавіны" створанае на базе Пінскай журавінавай плантацыі. Сюды таксама можна прывозіць сваю здабычу. Тэлефануем:

— Журавіны можаце нарыхтоўваць, сто працэнтаў браць будзем. Калі зберацеся, набярыце — скажам цану, або пакіньце нумар тэлефона — дашлём SMS, як стане зразумела. Вы, дарэчы, куды збіраецеся па яе ехаць?

— Ну вось пакуль думаем. Можа, вы нам параіце?

— Я б вам раіў ехаць у бок Ганцавічаў. Арыентуйцеся на вёскі Бобрык, Падбярэззе, Яловая — там таксама балоты. Калі паедзеце ў столінскую зону — там можа быць радыяцыя, і толькі дарма час заб'яце.

— Добра, а што наконт іншых ягад?

— Маліну бяром, 2 рублі 80 капеек за кілаграм. Ароніі ўжо тон 50, напэўна, закупілі, таму калі і будзем браць, то капеек 30 атрымаеце за кіло.

— А грыбы можна вам везці?

— Як вам сказаць... Цяпер пінчукі ездзяць у грыбы ў Полацк. У нас тут побач пакуль іх асабліва няма. Калі пойдуць масава, то будзем закупляць. Таму што вось прывезяце вы нам кілаграм — і што з імі рабіць? Толькі пасмажыць… Я глядзеў у закупках — на сёння там цэны на лісічкі 3–5 рублёў. На іх будзем арыентавацца.

 

Запатрабуюць даведку

УП "Полацкі рынак" у Віцебску таксама прымае лішкі ўраджаю беларусаў.

Напрыклад, у пачатку верасня моркву тут можна было здаць за 70–90 капеек, але нас папярэдзілі, што пазней цана будзе падаць. За буракі вам могуць заплаціць 60 капеек, за капусту — таксама 60, за памідоры — 50, за яблыкі — ад рубля (маюцца на ўвазе знятыя з галінак, апалыя — за капейкі). Бульбу тут бяруць па 45 капеек. Усё пералічанае — з разліку за кілаграм.

Дарэчы, у журавінах віцябляне таксама зацікаўленыя, цану можна ўдакладніць пазней. Ну а за кілаграм лісічак вам заплацяць ад 4 да 6 рублёў.

— Мы вельмі просім тэлефанаваць нам загадзя, хаця б за дзень-два, — просяць на рынку. — У нас невялікая арганізацыя, таму оптам нічога не закупляем. Узялі, прадалі — усё. Тэлефануйце, расказвайце, што ў вас ёсць і ў якой вазе. Мы ўдакладнім цану. Нам трэба загадзя ведаць, што вы прыедзеце і колькі чаго прывезяце. Калі вы везяце садавіну-гародніну, лабараторыя на рынку папросіць даведку, што ў вас ёсць свой участак. Вось і ўсё, што трэба ведаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі