Латвійскі мультфільм "Паток", які атрымаў "Оскар", нелегальна паказваюць у РБ

Кадр з мультфільма "Паток" / Dream Well Studio, Sacrebleu Productions, Take Five
Паказ латвійскага мультфільма "Паток" які сёлета атрымаў прэмію "Оскар", забаронены ў Беларусі і Расіі. Пра гэта заявіў вытворца і суаўтар сцэнарыя Маціс Кажа, спаслаўшыся на пагадненне з дыстрыбутарскай кампаніяй Charades. Гэта ж пацвердзілі і ў самой Charades, піша выданне Delfi.
Тым часам у беларускіх кінатэатрах анімацыйную стужку пачалі паказваць яшчэ ў лютым. І нават 7 сакавіка яго пакажуць некалькі разоў у мінскіх кінатэатрах.
Поўнаметражны мультфільм "Паток" (Flow) латвійскага рэжысёра Гінтса Зільбалодзіса расказвае пра ката, які ратуецца ад патопу. Гэта першая карціна з Латвіі, якая атрымала "Оскар".
Дыстрыбутарская кампанія Charades афіцыйна пацвердзіла рэжысёру фільма Гінту Зілбалодзісу, што ніколі не прадавала, не падпісвала і не давала ніякай згоды на камерцыйны распаўсюд ці паказ фільма на фестывалях у Беларусі і Расіі. У кампаніі заяўляюць, што звяжуцца з кінатэатрамі ў Беларусі і Расіі ды пастараюцца спыніць нелегальныя паказы.
Як паведамлялася раней, яшчэ на пачатку 2023 года рэжым Лукашэнкі ўзаконіў пірацкае выкарыстанне кантэнту з "недружалюбных" краін. Адсоткі ад пракату павінны залічвацца на рахунак патэнтнага органа і захоўвацца там цягам трох гадоў, пакуль праваўладальнік не запатрабуе іх. Калі грошы застануцца незапатрабаванымі за гэты час, іх накіруюць у рэспубліканскі бюджэт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.