“Легенду не маглі іншую прыдумаць?” Раман Пратасевіч адпушчаны з РУУС

“Легенду не маглі іншую прыдумаць?” Раман Пратасевіч адпушчаны з РУУС

Журналіст Раман Пратасевіч выйшаў з Першамайскага РУУС Мінска. Яго пратрымалі там блізу дзвюх гадзін.

Фармальнай нагодай для дастаўкі ў аддзяленне міліцыі стала справа аб збіцці кіроўцы аўтобуса ў 20-х чыслах верасня, распачатая па ч.1 арт.339 (“Хуліганства”) Крымінальнага кодэкса. Па словах Пратасевіча, у РУУС яго некалькі разоў пераводзілі з кабінета ў кабінет.

Следчыя распавялі яму, што яго мабільны тэлефон знаходзіўся ў тых жа “сотах”, па якіх прагялае маршрут аўтобуса. Журналісту задалі некалькі пытанняў пра тое, як ён “па п’янай лавачцы” напаў на кіроўцу. Таксама міліцыянтаў цікавіў тэлефон Пратасевіча: па яго словах, следчыя ўважліва перагледзелі яго змест і зрабілі некалькі здымкаў экрана.

З афіцыйных дакументаў хлопец атрымаў толькі даведку пра тое, што знаходзіўся ў РУУС 5 лістапада з 7:20 па 9:35.

“Легенду не маглі іншую прыдумаць?” Раман Пратасевіч адпушчаны з РУУС

Як мы пісалі раней, каля 7:00 у кватэру, дзе жыве Раман Пратасевіч, прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Сведкамі гэтага сталі бацькі журналіста. Яго маці ў размове з Еўрарадыё распавяла, што бацькі чулі ад міліцыянтаў такую фразу: “Ну што, легенду не маглі іншую прыдумаць?”

"У раёне 7:20 у дзверы патэлефанавалі. Мы збіраліся на працу, Рома яшчэ толькі прачынаўся. Муж адкрыў, прадставіліся, паказалі “корачку”, — распавядае Еўрарадыё маці Рамана Пратасевіча— Мы сталі распытваць, па якой прычыне. Адказалі: "Даведаецеся пазней". Як гэта так? Мы ж бацькі! Што за прычына? Мы маем права ведаць. Прычына — нейкая недарэчнасць прыдуманая. Нібыта каля месяца таму ў нейкім аўтобусе [Раман] дэбашырыў. Я Роме кажу: "Рома, што гэта такое? На цябе гэта наогул не падобна". Ён кажа: "Мама, ты што, хіба я калі-небудзь увогуле мог такое зрабіць? Ты сабе можаш такое ўявіць? Я выхаваны чалавек, такога быць не можа". Потым мы з мужам пайшлі ў іншы пакой, пачалі збіраць рэчы. І муж пачуў, што яны [супрацоўнікі крымінальнага вышуку] гавораць паміж сабой: "Ну, што, легенду не маглі іншую прыдумаць?". То бок, гэта, як відаць, з-за палітычных поглядаў Ромы. Не ведаю".

З 1 верасня 2018 года Раман Пратасевіч часова акрэдытаваны пры МЗС у якасці карэспандэнта Еўрарадыё. Тэрмін акрэдытацыі скончыўся 31 кастрычніка. У сярэдзіне кастрычніка мінскі карпункт Еўрарадыё звярнуўся ў знешнепалітычнае ведамства для працягу акрэдытацыі.

Еўрарадыё расцэньвае працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да свайго супрацоўніка як працяг кампаніі па ціску на незалежную прэсу, пачатай улетку. Нагадаем, 7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя 8 журналістаў і рэдактараў, уключна з галоўнымі рэдактарамі TUT.BY і БелаПАН. Іх абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі