Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам ва Украіну
Увечары 20 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прыбыў ва Украіну з афіцыйным візітам. Паводле інфармацыі БЕЛТА, самалёт кіраўніка Беларусі прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Барыспаль.
21 ліпеня адбудуцца яго перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Яны пройдуць як у фармаце сам-насам, так і ў пашыраным складзе. Асноўная ўвага на перамовах будзе нададзеная эканамічнаму супрацоўніцтву паміж дзяржавамі. Яшчэ адной з тэмаў сустрэчы стане ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны.
Чакаецца, што па выніках перамоваў у прысутнасці кіраўнікоў дзвюх краін будзе падпісаны шэраг дакументаў наконт супрацоўніцтва ў розных сферах.
У гэты ж дзень у Кіеве пройдзе беларуска-ўкраінскі бізнэс-форум. Падчас яго плануецца падпісаць кантракты на суму больш як 40 млн долараў. З абодвух бакоў для ўдзелу ў форуме зарэгістраваліся больш за 300 удзельнікаў, паведаміў амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал.