Лукашэнка спадзяецца на "лятучыя атрады" былых вайскоўцаў
29 кастрычніка падчас кадравых прызначэнняў Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць актывізацыі працы "народных дружын". Паводле яго слоў, яна не павінна быць фармальнай.
"Вы бачылі, як было ў Кыргызстане: хаос найпаўнейшы, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дружыннікі найперш павінны "забяспечыць абарону сваіх дамоў". Асобна ён спыніўся на кадрах для "народных дружын". Нібыта паступае шмат зваротаў "былых вайскоўцаў, афганцаў".
"Колькі мужыкоў, а жанчын…, яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы многае можам! — працягваў Лукашэнка. — Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых вайскоўцаў?".
"Народныя дружыны", як мяркуюць улады, могуць дапамагчы ім у змаганні з пратэстамі, якія працягваюцца ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.