Лукашэнка: "Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў"
"Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў", — такую заяву зрабіў 10 верасня Аляксандр Лукашэнка падчас прадстаўлення новага генпракурора Андрэя Шведа (яго прызначылі напярэдадні замест Аляксандра Канюка). У сваім выступе перад супрацоўнікамі Генпракуратуры Лукашэнка паразважаў пра сваю матывацыю 27-ы год заставацца ва ўладзе.
"Мяне часта папракаюць у тым, што "ўладу ён не аддасць", — цытуе яго словы БЕЛТА. — Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага выбраў".
Ён заявіў, што не хоча, каб наша краіна "вярнулася ў 1990-я", калі ўлада "валялася ў брудзе, аб яе выціралі ногі". "Роўна як і аб вас — тых, хто насіў пагоны", — дадаў ён.
"Зраблю я гэта з вамі ці без вас — вам вырашаць, — працягваў беларускі кіраўнік. — Але нахіліць мяне не атрымаецца".
Лукашэнка прапанаваў тым, хто хоча дапамагчы выратаваць краіну, стаць побач, а тым, хто не хоча, "не здраджваць". "Не трэба посціцца і хайпаваць, — гаварыў ён. — Сыйдзіце ў бок і не перашкаджайце". Безумоўна, гаворка пра сілавікоў, якія звальняюцца на працягу апошняга месяца і паведамляюць пра гэта ў сацсетках.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не заклікае супрацоўнікаў Генпракуратуры парушаць законы, "выратаваць дзяржаву ў парушэнне закону", паколькі "дастаткова заканадаўства і законаў". Але ў той жа час ён заявіў, што калі трэба спыніць "нахабную інтэрвенцыю", "там часам не да законаў". "Трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усялякую дрэнь", — гаварыў кіраўнік дзяржавы. Ён чакае большай актыўнасці ад пракуратуры.
"І не толькі ў мяне, але і ў вас ёсць дзеці, — працягваў Лукашэнка. — Гэта вам яшчэ жыць у гэтай краіне і ў новай Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.