Лукашэнка вёў перамовы ў Баку пра супрацу ў нафтавай сферы на доўгую перспектыву
У панядзелак, 28 лістапада Аляксандр Лукашэнка вёў перамовы ў Баку з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым пра супрацу ў нафтавай сферы "на доўгую перспектыву". Беларускі лідар падзякаваў Аліеву за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь (85 тысяч тон у кастрычніку паступіла на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод).
"Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовыя ў гэтым плане прасоўвацца настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана... Калі ў вас ёсць інтарэс на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся".
Кіраўнік нашай краіны заявіў, што ў Беларусі гатовыя разгледзець давальніцкія пастаўкі азербайджанскай нафты. Адначасова Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што партнёрства ў нафтавай сферы не самае галоўнае ў адносінах Беларусі і Азербайджана. Ён падкрэсліў, што Баку можа разлічваць на нашу краіну як на самага блізкага сябра.
Ільхам Аліеў заявіў, што яго краіна гатовая актыўна працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю "па ўсіх накірунках". Паводле яго слоў, пры правільнай арганізацыі працы можа быць павялічаны ўзаемны экспарт.